Мінск 06:32

У Латвіі набылі моц папраўкі ў закон, які вызначае адказнасць за пастаўкі ў парушэнне санкцый

Ілюстрацыйнае фота: rawpixel.com / freepik.com

10 чэрвеня, Позірк. Папраўкі да закона аб міжнародных і нацыянальных санкцыях Латвіі, у якім вызначаная адказнасць за парушэнне абмежавальных мер, набылі моц 10 чэрвеня, паведамляе Служба дзяржаўных даходаў (СДД) гэтай балтыйскай дзяржавы.

У прыватнасці, прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць за парушэнне санкцый, уведзеных ААН, Еўрасаюзам, іншымі міжнароднымі арганізацыямі або самой Латвіяй, — шляхам “набыцця, продажу або перамяшчэння” праз мяжу краіны “тавараў, якія падпадаюць пад гэтыя санкцыі”; шляхам “надання пасярэдніцкіх паслуг, тэхнічнай дапамогі або іншых паслуг”, звязаных з вышэйзгаданымі таварамі; шляхам “ажыццяўлення любых іншых забароненых дзеянняў”, калі кошт тавару або паслугі менш за 10 тыс. еўра.

Парушэнні цягнуць за сабой штраф: для фізічных асоб — да 2.000 штрафных адзінак (да 10 тыс. еўра), юрыдычных — ад 2.000 да 6.000 (ад 10 тыс. да 30 тыс. еўра).

Паўнамоцтвы па вядзенні адпаведнага адміністрацыйнага працэсу з 10 чэрвеня ўскладзеныя на СДД.

Калі кошт падсанкцыйнага тавара ці паслугі складае 10 тыс. еўра і болей, то ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй ч. 1 ст. 84 КК (парушэнне санкцый, уведзеных міжнароднымі арганізацыямі і Латвійскай Рэспублікай), надыходзіць крымінальная адказнасць.

Акрамя таго, крымінальная адказнасць надыходзіць незалежна ад кошту тавару, калі гаворка ідзе пра парушэнні санкцый адносна прадукцыі стратэгічнага значэння, агнястрэльнай зброі, асноўных часцей і боепрыпасаў да яе, тавараў або тэхналогій ваеннага прызначэння. Аналагічныя наступствы будуць у выпадку надання пасрэдніцкіх паслуг, тэхнічнай дапамогі або іншых паслуг, звязаных з названымі таварамі; ажыццяўленні іншых забароненых дзеянняў з гэтымі таварамі.

3 чэрвеня СГД паведамляла пра накіраванне ў пракуратуру матэрыялаў для ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да неназванай фізічнай асобы — за ўвоз драўняных гранул і брыкетаў беларускай вытворчасці, якія падпадаюць пад санкцыі ЕС. Іх сукупны мытны кошт перавысіў 835 тыс. еўра.

30 траўня стала вядома, што Рыжскі акруговы суд пастанавіў канфіскаваць на карысць дзяржавы арыштаваныя мытнымі органамі 1.936 тон хларыду калію і пералічыць атрыманыя сродкі — каля 306 тыс. еўра — у дзяржаўны бюджэт.

У абодвух выпадках тавары былі ўвезеныя ў краіну пад выглядам узбекскіх.

Падзяліцца: