Лукашэнка запатрабаваў да 1 верасня навесці парадак на “Беларусьфільме”, прыгразіўшы “жэстачайшым” спагнаннем

10 чэрвеня, Позірк. Навесці да канца лета парадак на кінастудыі “Беларусьфільм” запатрабаваў падчас яе наведвання Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.
“Запомніце: лішніх грошай не будзе. Ніхто вам ніякіх грошай пад нейкую новую каманду не дасць. І калі вы да 1 верасня на чале з міністрам культуры не навядзеце тут парадак, рашэнні будуць жэстачайшымі. І не думайце, што мы вас проста з пасады здымем”, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да прызначанага ім 27 сакавіка генеральнага дырэктара студыі Дзмітрыя Сямёнава.
Візіцёр выказаў свае пажаданні наконт зместу кіно, што здымаецца ў Беларусі: “Трэба, вядома, не забывацца на свае карані, у нас добрае мінулае, у “Беларусьфільма”. Але трэба падладжвацца пад сучаснасць”.
Пры гэтым, паводле слоў Лукашэнкі, “у пагоні за актуальнымі тэндэнцыямі” важна, каб “кінематаграфісты не перастараліся са сцэнамі гвалту, стральбы і да таго падобнага ў кіно”. Наяўнасць такіх сцэн, паводле сцвярджэння палітыка, “зусім не з’яўляецца абавязковым атрыбутам сучасных кінакарцін і зарукай поспеху ў гледачоў”. “Калі будзе добрая альтэрнатыва — у нас людзі разумныя, разбяруцца. Але альтэрнатывы пакуль няма”, — дадаў ён.
Як адзначаў “Позірк”, наведваючы “Беларусьфільм” 10 чэрвеня, Лукашэнка неадназначна выказаўся пра фінансавую падтрымку студыі — спачатку адмовіў, а затым выставіў умовы.
У ліпені 2023 года Лукашэнка, узгадняючы кандыдатуру Юрыя Аляксея на пасаду гендырэктара “Беларусьфільма” (працаваў да прызначэння Сямёнава), назваў “бядой” айчынную кінавытворчасць: “Спагнанне, адразу вам кажу, будзе самае сур’ёзнае! Чаму? Бо колькі можна мяняць кіраўнікоў, а выніку няма! А база нядрэнная, не горшая, чым у іншых рэспубліках, у тым ліку і ў Расіі. Відаць, недзе мы недапрацоўвалі і ў кіраўніцтве. Можа быць, увагі менш надавалі”.
Паводле яго слоў, “у ідэалагічным, выхаваўчым плане” кіно “не мае роўных паводле ступені ўздзеяння”.
2 снежня 2024 года Лукашэнка зноў раскрытыкаваў стан айчыннага кінематографа: “Проста ганьба”. “Гэта недапушчальна, — сказаў ён. — Мы скаціліся, мы сталі горш выглядаць да таго савецкага перыяду, калі надавалі сур’ёзную ўвагу кінематографу. Не скажу, што мы ў гэтым не зацікаўленыя, але нечаму ўсе хочуць мець грошы, але на выхадзе не жадаюць пагадзіцца з тым, што трэба мець добры фільм, карціну добрую”.
Праз дэкаду, 12 снежня, начальніца аддзела Міністэрства культуры па кінематаграфіі Ірына Дрыга заявіла на прэс-канферэнцыі, што ў 2024 годзе доля беларускіх фільмаў у беларускім кінапракаце павялічылася да 25%. На той год, паводле яе слоў, з бюджэту было выдаткавана больш за 14 млн рублёў — на вытворчасць 25 фільмаў.
Чыноўніца згадала два ігравыя фільмы — “Час вярнуцца” (прысвечаны партызанскаму руху) і “Чорны замак” (гістарычны дэтэктыў беларуска-расійскай вытворчасці паводле матываў рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”; прэм’ера адбылася 12 снежня 2024 года).
На студыі выйшла 19 дакументальных фільмаў, прысвечаных “гісторыі Беларусі, падзеям Вялікай айчыннай вайны, 100-годдзю беларускага кіно” і беларускай прыродзе. Дрыга згадала фільм пра дзяржаўныя сімвалы “Культурны код”, касавыя зборы якога “ў два разы перавысілі сродкі”, укладзеныя ў яго вытворчасць.
“Фільм, што называецца, зайшоў і маладзёжнай аўдыторыі, спадабаўся педагогам. Гэта цікавы досвед. Самае галоўнае — і камерцыйна паспяховы досвед. Зразумела, і ідэалагічны, выхаваўчы патэнцыял гэтага фільма вялікі”, — сказала яна.
Сярод анімацыйных фільмаў Дрыга згадала “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”, які, паводле яе сцвярджэння, паглядзела больш за 90 тыс. гледачоў, “Песня Сірын” (80 тыс.), а таксама “Дзяржаўныя сімвалы”.
За 11 месяцаў 2024 года больш за 700 тыс. чалавек паглядзелі прэм’еры беларускіх фільмаў, гэта ў 1,7 разы больш, чым тых, хто наведаў прэм’еры за ўвесь 2023 год, заявіла Дрыга. Сукупны касавы збор, паводле яе слоў, павялічыўся ў 1,2 раза.
Паводле слоў чыноўніцы, ідзе актыўная праца над павелічэннем наведвальнасці айчынных фільмаў.

- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваДэфіцыту медыкаў няма, трэба рацыянальна выкарыстоўваць кадравы рэсурс — прадстаўніца Мінздароўя (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ГрамадстваІнтэрнатуру ў Беларусі праходзіць у год да 150 замежнікаў — выпускнікоў мясцовых медычных ВНУМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаПаводле метадалогіі МАП у Беларусі па-ранейшаму ўзровень беспрацоўя вышэй, чым у РФ (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаТрэці месяц запар Беларусь займае 3-е месца ў ЕАЭС паводле дынамікі прамвытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаБазавая інфляцыя ў траўні склала 7,1% — Нацбанк (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года Польшча спыніла больш за 12 тыс. спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 10 чэрвеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+