Мінск 18:51

ЕС можа ўключыць у санкцыйны спіс новыя беларускія кампаніі — Калас

Архіўнае відэа: медыяцэнтр Савета ЕС / стоп-кадр: "Позірк"

11 чэрвеня, Позірк. У спіс арганізацый, на якія ў Еўрапейскім саюзе накладваюцца больш строгія абмежаванні ў дачыненні да тавараў двайнога прызначэння, у бліжэйшы час могуць быць дададзеныя 22 новыя кампаніі — у тым ліку з Кітая і Беларусі, пасля чаго іх агульная колькасць перавысіць 800.

Такую заяву зрабіла вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас 10 чэрвеня ў Капенгагене на прэс-канферэнцыі, прысвечанай планаванаму прыняццю 18-га пакета санкцый ЕС у дачыненні да Расіі за агрэсію ва Украіне.

За дзень да гэтага, 9 чэрвеня, выданне Politico, спасылаючыся на аднаго высокапастаўленага дыпламата, які сочыць за падрыхтоўкай саміту “Вялікай сямёркі” ў Канадзе (15–17 чэрвеня), адзначыла, што “калі ЗША падпішуцца пад скаардынаваным падыходам, наступны пакет санкцый можа быць вынесены на галасаванне ўжо 20 чэрвеня”.

20 траўня стала вядома, што ў 17-ы — апошні на гэты момант — пакет санкцый ЕС у дачыненні да Расіі быў уключаны Мінскі завод колавых цягачоў. У 16-ы пакет, прыняцце якога было прымеркаванае да трэцяй гадавіны расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне, трапіла беларускае ААТ “Інтэграл”. У папярэднія пакеты санкцый уносіліся іншыя беларускія прадпрыемствы, якія тым ці іншым чынам садзейнічаюць расійскай агрэсіі, распачатай 24 лютага 2022 года пры падтрымцы афіцыйнага Мінска.

Падзяліцца: