Мінск 06:52

ЕС можа ўвесці цэнавую столь на беларускія нафтапрадукты — Латушка (абноўлена)

Удакладнена цытата ў другім абзацы, дададзеныя інфармацыя аб санкцыях ЕС у дачыненні да беларускага нафтавага рынку, уведзеных у 2024 годзе, а таксама дадатковыя тлумачэнні Паўла Латушкі “Позірку”

Павел Латушка
Фота: "Позірк"

13 чэрвеня, Позірк. У Еўрапейскім саюзе “разглядаецца магчымасць увядзення ў чарговым санкцыйным пакеце цэнавай столі на прадукты нафтаперапрацоўкі [з Беларусі]”, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

“Гэта азначае, што будзе ўстаноўлены кошт, вышэйшы за які нельга будзе прадаваць беларускія нафтапрадукты на рынках краін, якія будуць далучацца да гэтых санкцый“, — патлумачыў ён.

Абмежаванні “дапоўняць цэнавую столь на пастаўкі ў ЕС сырой расійскай нафты”, сказаў кіраўнік НАУ. Паводле яго слоў, гэта датычыцца і беларускай нафты, якой, паводле сцвярджэння Аляксандра Лукашэнкі, здабываецца 2 млн тон у год.

“Наша мэта — паменшыць магчымасці рэжыму Лукашэнкі фінансаваць вайну і самыя маштабныя ў свеце рэпрэсіі — супраць беларускага народа“, — заявіў палітык.

10 чэрвеня вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас паведаміла, што ў спіс арганізацый, на якія ў Еўрапейскім саюзе накладваюцца больш строгія абмежаванні ў дачыненні да тавараў двайнога прызначэння, у бліжэйшы час могуць быць дададзеныя 22 новыя кампаніі — у тым ліку з Кітая і Беларусі, пасля чаго іх агульная колькасць перавысіць 800.

За дзень да гэтага, 9 чэрвеня, выданне Politico, спасылаючыся на высокапастаўленага дыпламата, які сочыць за падрыхтоўкай саміту “Вялікай сямёркі“ ў Канадзе (15–17 чэрвеня), адзначыла, што, “калі ЗША падпішуцца пад скаардынаваным падыходам, наступны пакет санкцый можа быць вынесены на галасаванне ўжо 20 чэрвеня“.

“Радыё Свабода” са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што сярод прапаноў-поўная забарона на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі.

У падрыхтаваны пакет санкцый, адзначыла РС, уключана чатыры беларускія кампаніі, якія працуюць у сферы абароннай і ваеннай прамысловасці. Еўракамісія прапануе замарозіць іх актывы і забараніць ім весці бізнэс на тэрыторыі ЕЗ. Адной з іх можа стаць завод “Легмаш“ (Орша, Віцебская вобласць).

29 чэрвеня 2024 года ЕС распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія дзейнічалі да гэтага толькі ў дачыненні да Расіі. “Што тычыцца імпарту, то будзе забаронены прамы або ўскосны ўвоз, купля або перадача золата і алмазаў з Беларусі, а таксама гелія, вугалю і мінеральных прадуктаў, уключаючы сырую нафту. Апошняя мера будзе дапоўненая новай забаронай на экспарт тавараў і тэхналогій, прыдатных для выкарыстання ў нафтаперапрацоўцы і звадкаванні прыроднага газу“, — гаварылася ў паведамленні Савета ЕС.

“Столь коштаў працуе для біржаў, страхоўшчыкаў, перавозчыкаў, пасярэднікаў і г.д. гэта тычыцца трэціх рынкаў“, — патлумачыў у каментары “Позірку“ Павел Латушка сутнасць новых санкцый.

“Пры невыкананні ўмоў столі коштаў, напрыклад, тая ж Расія губляе доступ прыкладна да 55% танкераў, якія вывозяць яе нафту з краіны і належаць Грэцыі, да страхавых паслуг размешчанай у Лондане міжнароднай групы клубаў узаемнага страхавання суднаўладальнікаў — яна забяспечвае страхавымі паслугамі каля 95% сусветнага танажу марскіх судоў, а таксама да паслуг швейцарскіх трэйдараў“, — сказаў Латушка.

Падзяліцца: