Мінск 12:11

Украінскаму дэпутату Шаўчэнку пагражае пажыццёвае зняволенне, яго сувязі з рэжымам Лукашэнкі кваліфікаваныя як дзяржаўная здрада

Крыніца: dumskaya.net

13 чэрвеня, Позірк. Дзейнаму дэпутату Вярхоўнай рады Украіны Яўгену Шаўчэнку пагражае пажыццёвае зняволенне за “дзяржаўную здраду падчас ваеннага становішча”, паведаміла прэс-сакратар Дзяржаўнага бюро расследаванняў Украіны (ДБР) Вольга Чыканава.

Адзначаецца, што Шаўчэнка публічна заяўляў пра сяброўства з Аляксандрам Лукашэнкам. Яго выказванні эксперты палічылі “шкоднымі для нацыянальнай бяспекі”, у іх выявілі “прапаганду, скажэнне фактаў, распальванне варожасці і заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны”.

Згадваецца фільм “Беларусь вачыма Яўгена Шаўчэнкі”, які быў апублікаваны на ютуб-канале Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ў студзені 2022 года, напярэдадні расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну.

Паводле слоў Чыканавай, фільм “пранізаны ідэяй аб’яднання Украіны з былымі рэспублікамі СССР”.

Спікер ДБР адзначыла, што Шаўчэнка не спыніў свае дзеянні па “дыскрэдытацыі ўкраінскай улады, распаўсюдзе варожай прапаганды і маніпуляванні грамадскай думкай” і пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. У прыватнасці, дэпутат заклікаў да “перамоў аб міры на ўмовах капітуляцыі”, сказала спікер.

Раней паведамлялася, што Шаўчэнка падазраецца паводле ч. 1 арт. 111 КК Украіны (“дзяржаўная здрада”). Санкцыя артыкулу прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Чыканава не ўдакладніла, паводле якога артыкула абвінавачваецца Шаўчэнка цяпер.

Шаўчэнка знаходзіцца ў СІЗА з лістапада 2024 года. Паведамлялася, што комплексная псіхолага-лінгвістычная і ваенная экспертызы пацвердзілі, што дэпутат “пачаў наносіць урон абараназдольнасці і інфармацыйнай бяспецы Украіны яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі”. Сярод іншага ў 2021 годзе ён публікаваў недакладную інфармацыю пра адсутнасць пагрозы ваеннага ўварвання Расіі з тэрыторыі Беларусі.

Акрамя гэтага, следства ўстанавіла яго “кантакты з прадстаўнікамі амбасады Беларусі пасля таго, як ён у верасні 2020 года са сцягам гэтай краіны зайшоў на трыбуну парламента”.

“Ён неаднаразова ездзіў у Беларусь, дзе сустракаўся з прадстаўнікамі дзелавых, палітычных структур і нават з самаабвешчаным прэзідэнтам краіны. Спасылаючыся менавіта на гэтую сустрэчу, дэпутат распаўсюджваў ідэю аб адсутнасці пагрозы нападу расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі і да таго падобнае”, — гаварылася ў паведамленні ДБР.

Паводле даных следства, “па пратэкцыі” Лукашэнкі дэпутат і яго блізкія сваякі “вялі актыўны бізнес з прадстаўнікамі Беларусі”, у тым ліку на рынку электраэнергіі і мінеральных угнаенняў. “Набываючы тавары ў Беларусі па заніжаных цэнах, яны ўвозілі іх ва Украіну праз іншую еўрапейскую краіну і прадавалі значна даражэй”, — падкрэслівала бюро расследаванняў.

“Рэжым садзейнічання з боку беларускіх уладаў дазволіў парламентарыю за паўгода атрымаць 1,5 млн еўра чыстага прыбытку. У той жа час ва Украіну ён змог перавесці толькі 500 тыс. еўра. Астатняе не ўдалося атрымаць у сувязі з блакіроўкай сумнеўных транзакцый з боку фінансавага маніторынгу аднаго з еўрапейскіх банкаў”, — заяўляла ДБР.

Акрамя гэтага, звярталася ўвага, што дэпутат “запісваў праграмы на ўласных каналах, даваў інтэрв’ю прарасійска настроеным блогерам і экспертам”, пасля чаго “гэты кантэнт распаўсюджваўся ў прапагандысцкіх СМІ на тэрыторыі Расіі з мэтай стварэння на тэрыторыі краіны-агрэсара грамадскай пазіцыі, што гэта афіцыйная пазіцыя прадстаўніка ўкраінскай улады”.

Таксама гаварылася пра тое, што парламентарый набыў і аформіў на сваякоў тры элітныя аўтамабілі агульным коштам 500 тыс. долараў.

Шаўчэнка публічна падтрымліваў Лукашэнку і заклікаў прызнаць яго законна абраным прэзідэнтам пасля выбараў 2020 года, калі дэмакратычныя краіны вынікі выбараў прызнаваць адмовіліся. 20 красавіка 2021 года ён наведваў Мінск і сустракаўся з Лукашэнкам.

У тым жа годзе ён быў выключаны з фракцыі “Слуга народа” за кантакты з ім.

16 траўня 2024 года кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што Шаўчэнка выкарыстоўваўся Украінай для наладжвання камунікацыі з Лукашэнкам, і што ён у гэтым “працэсе эфектыўны”.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. Улады ў Мінску пастаянна адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяннях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней актыўна выкарыстоўвалася расіяскай арміяй для нанесення ўдараў па Украіне.

Падзяліцца: