Мінск 09:00

Рыжанкоў абмеркаваў з прадстаўніком уладаў Афганістана пашырэнне эканамічнай супрацы

Фота: МЗС Беларусі

14 чэрвеня, Позірк. Пашырэнне беларуска-афганскай гандлёва-эканамічнай супрацы абмеркаваў 14 чэрвеня міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў са спецыяльным прадстаўніком урада Афганістана ў міжнародным гандлёвым цэнтры (МГЦ) “Тэрмез”, што месціцца ў Сухандар’інскай вобласці Узбекістана.

Сустрэча адбылася на другі дзень візіту міністра ва Узбекістан. Адметна, што прэс-служба МЗС, якая паведаміла пра гэта, не назвала імя афганскага чыноўніка. Верагодна, гаворка пра галоўнага дарадцу міністра прамысловасці і гандлю Афганістана Фарыда Азізі, які, паводле інфармацыі ўзбекскіх медыя, прадстаўляў афганскі ўрад у гэтым МГЦ сама меней год таму.

У цяперашні час у Афганістане кіруе радыкальны рух “Талібан”.

Паводле звестак беларускага знешнепалітычнага ведамства, супрацу з Узбекістанам, а таксама Афганістанам Рыжанкоў абмяркоўваў і з кіраўніком Сухандар’інскай вобласці Улугбекам Касымавым. Паведамляецца, што “асаблівы акцэнт быў зроблены на пастаўках шырокага асартыменту беларускіх тавараў — ад прадуктаў харчавання да прадукцыі машынабудавання”.

“Адзначаныя перспектывы стварэння сумесных і зборачных вытворчасцей беларускіх прадпрыемстваў, арыентаваных на выхад на рынкі суседніх дзяржаў, — заявіла прэс-служба міністэрства. — Важным элементам праграмы стала азнаямленне міністра з магчымасцямі Міжнароднага гандлёвага цэнтра “Тэрмез” (AIRITOM Free Zone). Падчас наведвання МГЦ кіраўнік беларускага МЗС вывучыў патэнцыял выкарыстання гэтай пляцоўкі ў якасці апорнай для далейшых паставак беларускай прадукцыі ў краіны рэгіёну”.

Сухандар’інская вобласць — рэгіён на поўдні Узбекістана, мяжуе з Афганістанам і Таджыкістанам.

МГЦ “Тэрмез”, як заяўляе МЗС, з’яўляецца “найбуйнейшай ва Узбекістане зонай свабоднага гандлю, створанай для спрашчэння знешняга гандлю перш за ўсё з краінамі Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі”. Цэнтр “дае унікальныя ўмовы для вядзення гандлю”, у ліку якіх “вызваленне ад мытных пошлін і магчымасць разлікаў у замежнай валюце”. Адкрыўся ў жніўні 2024 года.

У студзені 2025 года афганскае знешнепалітычнае ведамства паведаміла пра сустрэчу намесніка міністра замежных спраў Афганістана Шэра Махамада Абаса Станекзая з першым намеснікам кіраўніка МЗС Беларусі Сяргеем Лукашэвічам. Было заяўлена, што чыноўнікі абмяркоўвалі “эканамічную і палітычную агульнасць і іншую супрацу”.

Станекзай назваў візіт беларускага калегі “важнай падзеяй у двухбаковых стасунках Беларусі і Афганістана”, а таксама “добрым пачаткам доўгатэрміновай супрацы”. У сваю чаргу Лукашэвіч падкрэсліў “пазітыўны намер свайго ўрада <…> закласці аснову супрацы з Афганістанам у розных галінах”.

Варта адзначыць, што Шэр Махамад Абас Станекзай фігуруе ў спісе “асоб, што маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці“, які вядзе Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Станекзай нарадзіўся ў 1963 годзе, ваяваў супраць арміі СССР падчас савецка-афганскай вайны 1979–1989 гадоў. Працаваў намеснікам кіраўніка МЗС падчас першага праўлення “Талібана” ў Афганістане (1996–2001).

Другое праўленне талібаў распачалося ў 2021 годзе пасля вываду з Афганістана вайсковага кантынгенту ЗША.

“Талібан” — ісламісцкі рэлігійна-палітычны ваенізаваны рух. У шэрагу краін ён прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй. Разам з тым некаторыя краіны выключылі “Талібан” са сваіх “тэрарыстычных спісаў”, напрыклад Казахстан — у 2023 годзе, Кыргызстан — у 2024-м, Расія — у 2025-м.

Падзяліцца: