Мінск 21:02

Алексіевіч: З нашых розумаў не сыходзяць думкі пра трэцюю сусветную вайну

Архіўнае фота: "Позірк"


17 чэрвеня, Позірк. Важна “не даць нашаму цёмнаму часу сябе растаптаць”, заявіла беларускі нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч на сустрэчы з чытачамі ў Варшаве 16 чэрвеня.

“У такі час, як сёння, упадаеш у адчай, нават калі слова — твая справа, таму што цяжка знайсці тыя словы, <…> каб мы загаварылі, каб мы былі адзін аднаму цікавыя“, — лічыць літаратар.

Пры гэтым яна не згодна з меркаваннем, што “словы нічога не робяць“, аднак складанасць моманту ў тым, што “ты не можаш паспець за тым часам, які так хутка мяняецца: цяперашні становіцца ўжо не сапраўдным, будучыня таксама зусім непрадказальнае“.

“Не тое, каб словы нам не патрэбныя. Нам патрэбныя, напэўна, сёння нейкія іншыя словы. Можа, і іншая філасофія жыцця. А мы знаходзімся ў пошуку, у нас сёння гэтага няма. Няма адчування, што вось гэта той лідар, які нам патрэбны, што гэта тыя словы, якія нам патрэбныя. Усё носіць нейкі адбітак часовасці. А часовасць — гэта сёння вельмі небяспечна, таму што без канца з газет, з нашых розумаў не сыходзяць нейкія думкі аб трэцяй сусветнай вайне“, — дадала пісьменніца.

“Я магу шчыра прызнацца, што са словамі ў мяне цяпер вельмі складана, — адзначыла Алексіевіч. — Я пішу новую кнігу. Але вельмі складана, бо я не ведаю, як прабіцца да гэтага “пост-чырвонага чалавека“. Пакуль не ведаю”.

Аўтар на працягу апошніх гадоў працуе над кнігай пра падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе, сустракаючыся за мяжой з іх удзельнікамі.

“Цяпер, апошнім часам, колькі я запісваю людзей, якія ўдзельнічалі ў беларускай рэвалюцыі, яны кажуць: Так, мы пацярпелі паразу, але мы не здаемся. І з’явілася новая філасофія — філасофія малых спраў. Людзі кажуць, што гэта дапамагае ім захаваць сябе, сваю асобу, і, усё ж такі, нейкі маленькі крок зрабіць. Гэта значыць вось у гэтым свеце сённяшнім нельга вось так згаджацца з тым, што дэмакратыя адступае“, — мяркуе Алексіевіч.

“Пакуль працоўная назва ў мяне гэтай кнігі, яна ўзятая з [творчасці грэчаскага паэта Канстанцінаса] Кавафіса — “Чаканне новых варвараў”. Гэта цалкам відавочна, што нас чакаюць цяжкія часы. Што нарошчваць нейкі патэнцыял супраціву — гэта трэба кожнаму: вучыцца ў моцных кніг, вучыцца ў моцных людзей. Таму што рабіць выбар трэба кожны дзень”, — падкрэсліла нобелеўскі лаўрэат.

Закранаючы тэму вайны Расіі з Украінай, яна выказала меркаванне, што “Еўропа толькі цяпер па-сапраўднаму спалохалася, калі зразумела, наколькі гэта сур’ёзна — Пуцін”.

Кажучы пра кнігі, праца над якімі была анансаваная каля 10 гадоў таму — прысвечаных тэмам кахання і смерці — аўтар удакладніла: “На жаль, гэта ўсё адкладаецца, таму што ніяк не магу разабрацца з “чырвоным чалавекам“. Я павінна яго дапісаць, даглядзець, што з ім”.

Падзяліцца: