Мінск 22:54

Манголія і ААЭ сталі гандлёвымі партнёрамі ЕАЭС

27 чэрвеня, Позірк. На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 27 чэрвеня ў Мінску падпісаныя гандлёвыя пагадненні з Манголіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Адзначаецца, што ён вітаў падпісанне дакументаў.

Прэс-служба Лукашэнкі заяўляе, што сукупны ВУП краін і рэгіянальных інтэграцыйных аб’яднанняў, з якімі ў ЕАЭС устаноўленыя і фармалізаваныя адносіны, складае 72 трлн долараў, “гэта палова сусветнай эканомікі і палова насельніцтва ўсёй планеты (больш за 4 млрд чалавек)”.

“Уявіце, які патэнцыял, калі мы правільна ім распарадзімся. Вынік добры. Міжнароднае пазіцыянаванне ЕАЭС павінна заставацца прыярытэтным кірункам нашых намаганняў. Пра гэта мы і дамовіліся, абмяркоўваючы праблемы ў вузкім складзе”, — сказаў Лукашэнка.

Праекты гандлёвых пагадненняў ЕАЭС з Манголіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі Лукашэнка ўхваліў 9 чэрвеня адпаведным указам. Паведамлялася, што ў выпадку з Манголіяй гаворка ідзе пра Часовае гандлёвае пагадненне, з ААЭ — пра Пагадненне аб эканамічным партнёрстве.

19 чэрвеня міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў заявіў, што пагадненні “дадуць больш шырокія магчымасці для выбудоўвання гандлёва-эканамічных адносін членаў ЕАЭС з дадзенымі дзяржавамі”.

ЕАЭС — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю. Яе паўнапраўнымі членамі з’яўляюцца Беларусь, Казахстан і Расія (з 1 студзеня 2015 года), а таксама Арменія (з 2 студзеня 2015 года) і Кыргызстан (з 12 жніўня 2015 года). Краіны-назіральнікі — Куба, Малдова, Узбекістан. Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС падпісалі В’етнам, Іран, Сербія і Сінгапур. З Кітаем дзейнічае асобнае пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Краіны, з якімі вядуцца перамовы аб стварэнні зоны свабоднага гандлю: Егіпет, Індыя, Інданезія, Ізраіль.

26 чэрвеня ў Мінску было абвешчана, што статус назіральніка ў ЕАЭС запытала Нікарагуа.

Падзяліцца: