Мінск 18:56

Былая прэс-сакратар МУС Чамаданава ўзначаліла праўладную партыю “Белая Русь”

Архіўнае фота: ЦВК

28 чэрвеня, Позірк. Былая прэс-сакратар МУС, а пасля начальніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава ўзначаліла праўладную партыю “Белая Русь”, вынікае з паведамленняў дзяржаўных СМІ.

Адзначаецца, што яе “абралі” 28 чэрвеня ў Мінску на пасяджэнні “вышэйшага палітычнага савета” партыі з удзелам дэлегатаў III з’езда “Белай Русі”.

Вольга Чамаданава была прызначаная прэс-сакратаром МУС напрыканцы 2018 года. Да таго ўзначальвала інспекцыю па справах непаўналетніх УУС Мінскага райвыканкама. У МУС заставалася да 2021 года, затым была пераведзеная на працу ў Мінгарвыканкам.

З’яўляецца старшынёй мінскай гарадской арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”.

Чамаданава — прыхільніца Лукашэнкі. Стала вядомай ў 2020 годзе, калі супрацоўнікі МУС масава выкарыстоўвалі гвалт у дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту. Чамаданава падтрымала і тыя дзеянні, і палітычныя рэпрэсіі. У яе бытнасць прэс-сакратаром набліжаныя да ведамства інфармацыйныя рэсурсы сталі рэгулярна публікаваць так званыя “пакаяныя інтэрв’ю”, у якіх затрыманых прымушалі “прызнавацца” ў “злачынствах” і крытычнам стаўленні да ўлады. На шматлікіх відэа ў пратэстоўцаў бачныя сляды гвалту.

30 кастрычніка 2024 года, падчас электаральнай працэдуры, якую афіцыйны Мінск называе “прэзідэнцкімі выбарамі”, Чамаданава падала ў Цэнтрвыбаркам дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты. Групу зарэгістравалі. Аднак менш як праз два тыдні, 12 лістапада, Чамаданава вырашыла спыніць удзел у кампаніі.

Максімальна лаяльная да Аляксандру Лукашэнкі “Беларуская партыя “Белая Русь” заснаваная ў сакавіку і зарэгістраваная ў траўні 2023 года. З’явілася на базе аднайменнага грамадскага аб’яднання (пры яго захаванні), створанага ў 2007 годзе для дэманстрацыі нібыта шырокай падтрымкі курсу ўладаў. Партыю тады ўзначаліў Алег Раманаў, які раней кіраваў аб’яднаннем.

“Белая Русь” стала першай палітычнай партыяй, зарэгістраванай у Беларусі за апошнія два дзесяцігоддзі. Неўзабаве пасля яе стварэння ўлады перафарматавалі палітычнае поле краіны — было скасавана 12 апазіцыйных, нейтральных і праўладных палітычных структур. Акрамя “Белай Русі” легальны статус у краіне застаўся толькі ў трох сіл — Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Камуністычнай партыі Беларусі ды Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

15 лютага 2024 года “Белая Русь” падпісала пагадненне “аб узаемадзеянні і супрацы” з расійскай партыяй улады “Единая Россия” (“Адзіная Расія”). Напрыканцы траўня 2025-га атрымала істотныя прэферэнцыі па арэндзе.

Падзяліцца: