Мінск 02:12

У “спіс экстрэмістаў” дададзена яшчэ 33 чалавекі

Ілюстрацыйнае фота: Ron Dyar / unsplash.com

20 чэрвеня, Позірк. У спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, 27 чэрвеня дададзена яшчэ 33 чалавекі.

Для чарговай групы фігурантаў гэтага пераліку на сайце Міністэрства ўнутраных спраў завялі новы файл з пазнакай “частка 4” у назве. Адметна, што ў гэтай частцы не пранумараваныя пазіцыі. З улікам папярэдняга абнаўлення спісу (20 чэрвеня) цяпер у ім мае быць 5.467 пазіцый.

Аднак апублікаваны на сайце МУС файл з пазнакай “частка 3” у назве абрываецца на групе асоб, унесеных у пералік 27 верасня 2024 года, апошняя пазіцыя — 4.476-я. Звестак пра усіх, каго ўнеслі ў спіс за апошнія дзевяць месяцаў, няма. Невядома, ці гэта тэхнічная памылка ці наўмысная спроба схаваць рэальную лічбу і звесткі пра “экстрэмістаў”, якія аналізуюць журналісты і праваабаронцы.

Усе асобы, унесеныя ў пералік 27 чэрвеня, асуджаныя паводле артыкулаў, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага пераследу. Разам з тым у актуальным спісе палітвязняў толькі адзін з іх — Андрэй Шабуня, прыгавораны да 2 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (згодна са звесткамі МУС, “адбывае пакаранне”).

З пазнакай “адбывае пакаранне” ў “спіс экстрэмістаў” унесеныя Віталь Марынчык і Анастасія Тыдыкава (абодва асуджаныя паводле ч. 1 арт. 130), Алег Зелянко і Дзмітрый Ялчанка (абодва паводле ч. 1 арт. 3614), Аляксандр Куліковіч і Віталь Лухверчык (абодва — ч. 1 і 2 арт. 3614), Ілля Іванчык і Уладзімір Пракоф’еў (абодва — ч. 1 арт. 368), Вадзім Жукоўскі і Мікалай Буневіч (абодва — ч. 1 арт. 130, ч. 3 арт. 361), Яўген Сарока (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130), Андрэй Загорскі (ч. 1 і 2 арт. 3612, ч. 2 арт. 3614), Аляксандр Машукоў (ч. 3 арт. 361, ч. 2 арт. 367), Вадзім Дзенісевіч (ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 368, арт. 369), Георгій Сямёнаў (ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 1301, арт. 369), Вячаслаў Малышаў (ч. 1 арт. 130, ч. 3 арт. 361, ч. 1 і 2 арт. 367, ч. 1 арт. 368).

З пазнакай “судзімасць не пагашана”, якая, як правіла, сведчыць пра пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, у пераліку фігуруюць асуджаныя паводле ч. 1 арт. 342 — Аляксей Глінскі, Таццяна Глінская, Раман Казлюк, Вольга Казлюк, Уладзімір Нічыпарук, Ксенія Кіслюк, Дзіяна Дземідзюк, Мікіта Малдуноў, Сяргей Баркоў, Ігар Рамазанаў, Максім Русак і Аляксей Іваноў, а таксама Максім Зайцаў (ч. 1 і 2 арт. 3614), Мікалай Бранцаў (ч. 1 арт. 368, арт. 369), Максім Трухан (ч. 1 арт. 367) і Ала Захарава (ч. 2 арт. 368).

Даведка “Позірку”:

  • арт. 16 КК — саўдзел у злачынстве;
  • арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
  • арт. 1301 — рэабілітацыя нацызму;
  • арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 3612 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;
  • арт. 368 — абраза прэзідэнта;
  • арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады.
Падзяліцца: