Мінск 18:45

У Брэсцкай вобласці пройдзе другая за месяц праверка сістэмы апавяшчэння насельніцтва

Ілюстрацыйнае фота: news9.com

30 чэрвеня, Позірк. Пра правядзенне 30 чэрвеня ў Брэсцкай вобласці “планавай тэхнічнай праверкі сістэмы апавяшчэння насельніцтва” паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Праверка пройдзе з 12:00 да 13:00. “У ходзе праверкі будуць уключацца электрасірэны, пройдзе перахоп УКХ-FM вяшчання на тэрыторыі вобласці. Просім грамадзян захоўваць спакой, ніякіх дзеянняў не патрабуецца”, — традыцыйна адзначыла ведамства.

Адметна, што гэта будзе другая праверка апавяшчэння ў Брэсцкай вобласці ад пачатку чэрвеня (першую правялі 20 дзён таму) і пятая за няпоўныя тры месяцы (8 і 22 красавіка, 27 траўня).

У Мінскай вобласці аналагічную праверку праводзілі 16 красавіка і 11 чэрвеня, у Магілёве 15–17 красавіка, у Гомельскай вобласці — 19 чэрвеня, 20 сакавіка і 30 студзеня.

13 сакавіка планавая праверка сістэмы апавяшчэння праводзілася па ўсёй Беларусі.

Пра прычыны такіх частых праверак сістэм апавяшчэння МНС не паведамляе. Разам з тым звяртае на сябе ўвагу той факт, што праверкі праводзяцца ў тым ліку ў абласцях, якія мяжуюць з Украінай, куды рэгулярна ўрываюцца беспілотныя лятучыя апараты, якія, як мяркуецца, належаць Расіі.

У Беларусі зафіксавана некалькі выпадкаў падзення дронаў на будынкі, аднак інфармацыі пра тое, што пры гэтым актывавалася сістэма апавяшчэння, няма.

З пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны праверкі сістэмы апавяшчэння сістэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюцца рэпрадуктары на вуліцах, праз якія перадаецца паведамленне і гучыць сірэна.

Падзяліцца: