Мінск 18:05

Крымінальная адказнасць за дзеянні з беспілотнікамі — законапраект прыняты ў першым чытанні

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

30 чэрвеня, Позірк. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) у першым чытанні прынялі праект закона “Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці”, які прадугледжвае сярод іншага адказнасць за дзеянні з беспілотнымі лятучымі апаратамі.

Прэс-служба ніжняй палаты парламента паведамляе, што пасля набыцця моцы адпаведным законам грамадзян, якія парушылі забарону на ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб грамадзянскіх беспілотнікаў, вызначаную ўказам № 297 ад 25 верасня 2023 года, чакае адміністрацыйная адказнасць, а паўторнае здзяйсненне гэтых дзеянняў на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання — крымінальную.

Раней намеснік старшыні пастаяннай камісіі ПП НС па заканадаўстве Андрэй Ліс заяўляў, што законапраектам “прадугледжваецца перш за ўсё адміністрацыйная адказнасць фізічных асоб за ўвоз, захоўванне, выраб, эксплуатацыю і абарот беспілотных лятучых апаратаў і авіямадэляў”. “За гэтыя дзеянні прадугледжаныя сур’ёзныя штрафныя санкцыі і магчымая канфіскацыя прадмета правапарушэння”, — казаў ён.

Пры гэтым, паводле слоў парламентарыя, калі дзеянні здзейсненыя паўторна на працягу года пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, то, згодна з законапраектам, “настае ўжо крымінальная адказнасць — да 2 гадоў пазбаўлення волі”.

“Усе гэтыя новаўвядзенні скіраваныя на гарантаванне нацыянальнай бяспекі нашай краіны, — сцвярджаў Ліс. — Як мы бачым, цяпер гэтыя, здавалася б, бяскрыўдныя, мірныя такія прадметы — беспілотнікі, авіямадэлі — актыўна прымяняюцца ў тэатры ваенных дзеянняў, могуць выкарыстоўвацца для здзяйснення актаў тэрарызму і ў мэтах кантрабанды”.

Паколькі КаАП дапаўняецца новымі артыкуламі, законапраект таксама вызначае органы, “службовыя асобы якіх надзяляюцца правам складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях”, а таксама органы, якія “маюць права разглядаць справы аб адміністрацыйных правапарушэннях”, адзначыла прэс-служба ПП НС у дзень прыняцця дакумента ў першым чытанні.

1 красавіка 2024 года набыў моц указ ад 25 верасня 2023 года № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятучых апаратаў”, якім забараняецца ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы без належнага дазволу.

Акрамя таго, незаконнае ўтрыманне і выкарыстанне беспілотнікаў у памежнай зоне альбо памежнай паласе з’яўляюцца парушэннем памежнага рэжыму і цягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасць (арт. 24.19 КаАП прадугледжвае штраф да 50 б.в. — да 2.100 рублёў).

Такім чынам, пасля прыняцця новага закона адміністрацыйная адказнасць будзе наступаць і ў выпадку незаконнага ўтрымання і выкарыстання беспілотнікаў па-за пагранзонай.

Улады хочуць крыміналізаваць несанкцыянаванае выкарыстанне беспілотнікаў

1 траўня, Позірк. Улады Беларусі маюць намер крыміналізаваць несанкцыянаванае выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў. Норма аб гэтым змяшчаецца ў законапраекце "Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці", падрыхтаваным урадам і размешчаным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У КК плануецца ўвесці …
Падзяліцца: