Мінск 14:02

ЕФСР амаль удвая павысіў прагноз па росце ВУП Беларусі

Фота: quasa.io

12 кастрычніка, Позірк. Прырост рэальнага валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі “чакаецца на ўзроўні каля 2% пасля папярэдняй ацэнкі 1,1%”, пра гэта гаворыцца ў восеньскім дакладзе Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР).

“Шмат у чым гэта звязана з захаваннем больш моцнага, чым чакалася раней, унутранага попыту і ростам інвестыцыйнай актыўнасці ў другім квартале 2026 года”, — адзначае ЕФСР.

Эксперты падкрэсліваюць, што эканамічная актыўнасць краіны ў “значнай меры вызначаецца дынамікай унутранага попыту”. “Унутранае спажыванне застаецца дастаткова моцным і выступае ключавым фактарам эканамічнага росту, забяспечваючы прыкметны станоўчы ўклад у прырост рэальнага ВУП”, — адзначаецца ў дакладзе.

Таксама павышана ацэнка чаканай у 2026 годзе інфляцыі — з 4,8% да 5,2%. Уплыў на рост спажывецкіх цэн, на думку аналітыкаў ЕФСР, акажа “больш моцны ўнутраны попыт і некаторае паслабленне цэнавага рэгулявання”.

“Знешні сектар на рынку працы працягне выступаць фактарам росту заробкаў, хоць у сярэднетэрміновай перспектыве чакаецца паступовае згасанне гэтага ўплыву, — лічаць эксперты. — Грашова-крэдытная і падаткова-бюджэтная палітыкі будуць нацэленыя на падтрыманне макраэканамічнай збалансаванасці праз пошук балансу паміж абмежаваннем інфляцыйнага ціску і падтрымкай эканамічнага росту”.

Разам з тым, гаворыцца ў дакуменце, слабы знешні попыт і астуджэнне ўнутранага попыту стануць “ключавымі фактарамі запаволення тэмпаў эканамічнага росту ў Беларусі ў сярэднетэрміновай перспектыве”. Калі рост ВУП па выніках 2026-га прагназуецца на ўзроўні 2%, то ў далейшым (у 2027–2029 гадах) тэмпы росту эканомікі чакаюцца ў дыяпазоне 1–2%.

На думку ЕФСР, запаволенне эканамічнай актыўнасці будзе суправаджацца “больш умераным, але адносна высокім ростам заробкаў ва ўмовах напружанасці на рынку працы: у 2026-м — каля 8%; у 2027–2029 гадах больш збалансаваныя тэмпы — каля 4%”.

У дакладзе адзначаецца, што ў 2026-м уплыў праінфляцыйных фактараў стрымліваецца “дастаткова спрыяльным знешнім цэнавым фонам і ўмацаваннем беларускага рубля, у выніку чаго інфляцыя па выніках года чакаецца 5,2% пры мэтавым значэнні не больш за 7%”.

У наступныя гады па меры паслаблення дэзынфляцыйных фактараў і захавання цэнавага ціску з боку попыту інфляцыя, як адзначаюць аналітыкі, “можа паскорыцца, напрыклад да 6,4% у 2027 годзе”.

Стымулюючы ўплыў фіскальнай палітыкі “будзе паступова слабець з 2027 года”. “Сальда кансалідаванага бюджэту ў 2026 годзе чакаецца дэфіцытным у памеры 0,5% ВУП, з паступовым зніжэннем дэфіцыту да 2029 года. Першаснае сальда пры гэтым будзе прафіцытным на ўзроўні каля 0,5–1% ВУП у 2027–2029 гадах. Пры адносна стабільнай дынаміцы даходаў бюджэту адным з кірункаў фіскальнай падтрымкі, на нашу думку, будзе выступаць рост заробкаў у бюджэтным сектары. Аднак агульная дынаміка заробкаў замарудзіцца на фоне абмежаванага росту аплаты працы ў прыватным сектары”, — адзначаюць эксперты.

Плацяжы па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага доўгу працягнуць фарміраваць ціск на рэзервы НБРБ. Тым не менш, лічыць ЕФСР, сукупны аб’ём замежных актываў Нацбанка чакаецца каля 3,5 месяца пакрыцця імпарту ў эквіваленце.

ВУП Беларусі ў студзені — жніўні 2026 года павялічыўся ў гадавым вымярэнні на 1,9%.

Спажывецкія цэны ў верасні 2026 года выраслі на 0,5%, у параўнанні са снежнем 2025-га рост — на 3,6%, у гадавым вымярэнні (да верасня 2025-га) — на 4,6%.

Паводле зацверджаных Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшых эканамічных прагнозных (дэ-факта — планавых) параметраў на 2026 год, валавы ўнутраны прадукт павінен павялічыцца на 2,8%, інвестыцыі за кошт усіх крыніц фінансавання — на 3,1%, экспарт тавараў і паслуг — на 3,7% (з пераважным нарошчваннем яго фізічных аб’ёмаў), рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва — на 4,8%, інфляцыя — не больш за 7%, міжнародныя рэзервовыя актывы — не менш за 9,2 млрд долараў.

У кастрычніку 2025 года Міжнародны валютны фонд спрагназаваў у сваім аглядзе рост беларускай эканомікі ў 2026-м на 1,4%.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ў верасні мінулага года пагоршыў свой прагноз на 2026-ы з 2,5% да 2,3%.

Еўразійскі банк развіцця чакае росту эканомікі Беларусі ў 2026 годзе на ўзроўні 1,5%.

Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — рэгіянальны фінансавы механізм, які быў заснаваны ў 2009 годзе Арменіяй, Беларуссю, Казахстанам, Кыргызстанам, Расіяй і Таджыкістанам. Фонд створаны ў мэтах пераадолення негатыўных крызісных наступстваў, забеспячэння доўгатэрміновай устойлівасці і садзейнічання інтэграцыі эканомік дзяржаў — удзельніц фонду.

Падзяліцца: