Мінск 12:13

У жыхара Глыбокага забраныя нямецкі пісталет-кулямёт, пераробленая зброя, больш за 300 боепрыпасаў

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

26 лістапада, Позірк. У дачыненні да 53-гадовага жыхара Глыбокага (Віцебская вобласць) распачатая крымінальная справа “за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў”, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, супрацоўнікі абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК пры сілавой падтрымцы атрада спецыяльнага прызначэння “Віцязь” правялі вобшук у доме і гаражы мужчыны. Забраныя “кулямёт узору 1940 года і дульная прылада да яго” (на апублікаваным МУС відэазапісе — нямецкі пісталет-кулямёт MP40); перароблены са стартавага рэвальвера пісталет, здольны страляць патронамі да наразной зброі; прадмет, сабраны са складовых частак вінтоўкі “Маўзер”; больш за 300 боепрыпасаў рознага калібру.

Мужчына патлумачыў, што зброя дасталася яму ад памерлага дзеда. Паводле інфармацыі МУС, жыхар Глыбокага “мае навыкі вырабу і аднаўлення падобных вырабаў і неаднаразова ўдзельнічаў у рэканструкцыях падзей Вялікай Айчыннай вайны”.

16 лістапада МУС паведамляла, што ў кватэры і гаражы 53-гадовага “грамадзяніна суседняй краіны”, які жыве ў Бабруйску (Магілёўская вобласць), знойдзеныя пісталет ТТ, два рэвальверы і боепрыпасы часоў Другой сусветнай вайны.

5 лістапада стала вядома, што крымінальная справа распачатая ў дачыненні да 52-гадовага жыхара Полацка (Віцебская вобласць), дома ў якога было знойдзена шэсць адзінак самаробнай агнястрэльнай зброі, два самаробныя глушыльнікі, патроны ды порах.

Напрыканцы мінулага месяца міністэрства падвяло вынікі асноўнага этапу штогадовай аперацыі “Арсенал”, які прайшоў 19–23 кастрычніка. Было заяўлена, што з незаконнага абароту вынята 52 адзінкі наразной і гладкаствольнай зброі, больш за 4 тыс. боепрыпасаў, 33 пнеўматычныя вінтоўкі з узмоцненай кінетычнай энергіяй, звыш 24 кг выбуховых рэчываў і амаль 2 тыс. выбухованебяспечных прадметаў часоў Другой сусветнай вайны.

Агулам праверана 119 чалавек, праведзена 175 вобшукаў і аглядаў. Сярод вынятага — порах, траціл, тол, міны, снарады, гранаты ды запальнікі.

За незаконнае захоўванне, перавозку, збыт і выраб зброі і боепрыпасаў прадугледжаная адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. Асобы, якія добраахвотна здалі незарэгістраваную зброю, боепрыпасы і выбуховыя рэчывы, вызваляюцца ад адказнасці.

Падзяліцца: