be
Arrow
Мінск 21:03

Святлана Ціханоўская: Я не ўпэўненая, што ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных адносін з Сяргеем

Фота: nn.by

25 лістапада, Позірк. “Я не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што я ад Сяргея пачула за яго стрымы, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных адносін. Я маю на ўвазе сямейных”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю выданню “Наша ніва” (частка адказаў апублікавана 25 лістапада).

Паводле яе, падчас адной з размоў з мужам палітык сказала, што абмеркаванне з ім стратэгічных кірункаў супрацы дэмсіл магчыма пры ўмове, што той “перастане абражаць людзей навокал”.

“Першапачаткова [Сяргей] мае такі асабісты характар, — дадала Ціханоўская. — Я вельмі-вельмі чакала яго з турмы, і калі ён выйшаў, я думала, што мы станем побач, мы разам будзем працаваць на супольныя мэты. Але ёсць па фактах, што ён пачаў аддаляцца. Ён не хацеў са мной інтэрв’ю даваць, тыпу “ну я асобны” — добра, ты асобны. Потым ён вырашыў паехаць у Амерыку для ўдасканальвання мовы, вучыцца”.

“Патэрны паводзін, якія ў яго былі ў нашай сям’і да 2020 года, паўтараюцца. А з такім я ўжо мірыцца не магу”, — заявіла яна.

На пытанне, ці ідзе гаворка пра “пазіцыю сілы з яго боку”, дэмлідар адказала: “Без падрабязнасцяў, але стыль і камунікацыі, і паводзінаў… Я чамусьці для сябе вырашыла, што гэта зменіцца. Яно не змянілася. І я аднойчы з ім пагаварыла, што не бачу, што мы можам працягваць адносіны, калі ты сябе так паводзіш. Ён прапанаваў узяць перапынак, вызначыць перыяд у шэсць месяцаў, каб паглядзець, як мы зможам далей рухацца. Я маю на ўвазе ў рамках сям’і, у асабістых адносінах. А потым здарыўся жнівень, ці калі ён там пачаў тыя абразы ў мой бок”.

Паводзіны сужэнца “не толькі не змяніліся, яны, можа, нават пагоршалі”, адзначыла Ціханоўская.

“Я не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што я ад Сяргея пачула за яго стрымы, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных адносін, — сказала яна. — Я маю на ўвазе сямейных. Бо палітычна — калі ёсць агонь, калі ёсць пэўны паважлівы тон, то можна, канечне, працаваць <…> А што тычыцца асабістага, то я не ўпэўненая”.

Сяргей Ціханоўскі на працягу апошніх месяцаў дазволіў сабе шэраг вострых выказванняў у адрас офіса дэмлідэра і сваёй жонкі асабіста, журналістаў незалежных СМІ. У тым ліку выкарыстоўваюцца крыўдныя выразы, знявечаныя прозвішчы апанентаў.

У апублікаваным 4 лістапада інтэрв’ю Deutsche Welle дэмлідар асудзіла стыль публічнай дзейнасці мужа, які “прыніжае годнасць”.

Раней Ціханоўская і прадстаўнікі яе офіса сітуацыю не каментавалі.

Падзяліцца: