Мінск 16:04

Намеснік дырэктара сельгасарганізацыі ў Шклоўскім раёне абвінавачваецца ў прыпісках ураджайнасці рапсу і збожжа

Ілюстрацыйнае фота: Генпракуратура

25 лістапада, Позірк. У дачыненні да намесніка дырэктара адной з сельгасарганізацый Шклоўскага раёна (Магілёўская вобласць) распачатая крымінальная справа за ўнясенне ў афіцыйную статыстычную справаздачнасць недакладных звестак, паведамляе Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК).

Адзначаецца, што ў сельгасарганізацыі была завышаная ўраджайнасць азімага рапсу (на 16,5 ц/га) і збожжавых культур (на 9,5 ц/га). Паказчыкі, удакладняе КДК, дасягаліся за кошт “махінацый, накіраваных на прыніжэнне пры разліках уборачнай плошчы”.

Таксама ў гаспадарцы ўстаноўлена псаванне 30 т пшаніцы і рапсу. Сапсаванае збожжа коштам 26 тыс. рублёў было пахавана ў лясным масіве.

Па фактах псавання збожжа да адказнасці прыцягнута восем службовых асоб. Вядзецца спагнанне шкоды з вінаватых. Дырэктар сельгасарганізацыі звольнены.

У Беларусі адказнасць за ўнясенне загадзя ілжывых звестак у афіцыйныя дакументы з мэтай скажэння даных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці ўводзіць арт. 427 Крымінальнага кодэкса (службовы падлог). Максімальнае пакаранне — пазбаўленне волі да трох гадоў.

Падзяліцца: