Мінск 15:05

На падазрэнне ў распаўсюдзе мефедрону ў Мінску затрыманыя 26-гадовы праграміста і яго дзяўчына

Відэа: прэс-служба ГУУС МІнгарвыканкама / стоп-кадр: "Позірк"

26 лістапада, Позірк. 26-гадовы праграміст і яго 24-гадовая дзяўчына затрыманыя ў Мінску на падазрэнне ў распаўсюдзе мефедрону, паведаміла 26 лістапада прэс-служба сталічнай міліцыі.

Паводле сцвярджэння ведамства, затрыманыя жыхары Мінскага раёна працавалі закладчыкамі на інтэрнэт-краму па продажы наркотыкаў. Першай падпрацоўку ў мэсэнджары, як заяўлена, знайшла дзяўчына, пазней да гэтай дзейнасці далучыўся малады чалавек.

Пара, як сцвярджаюць сілавікі, “атрымлівала буйныя партыі наркотыкаў, расфасоўвала іх дома на меншыя дозы і раскладвала ў тайнікі на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці”. Адзначаецца, што такім чынам яны паспелі папрацаваць каля двух тыдняў.

“Падчас вобшуку па месцы жыхарства фігурантаў і ў абсталяваных схованках аператыўнікі выявілі і вынялі 30 грамаў мефедрону”, — гаворыцца ў паведамленні.

Распачатая крымінальная справа за “незаконны абарот наркатычных сродкаў з мэтай збыту”.

25 лістапада стала вядома пра затрыманне ў Мінскім раёне 30-гадовай жыхаркі Брэсцкай вобласці, у якой забралі 3,5 кг мефедрону.

Падзяліцца: