Мінск 12:40

Праваабаронцы прызналі былымі палітвязнямі яшчэ 15 чалавек

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

26 лістапада, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць надала статус былога палітвязня яшчэ 15 асобам, вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай 26 лістапада ў тым ліку на сайце цэнтра “Вясна”.

У спіс унесеныя Валянцін Глінскі, Таццяна Граковіч, Аляксандр Грыцан, Глеб Іваноў, Андрэй Карповіч, Фёдар Мазько, Іван Малафееў, Дзяніс Макарэнка, Лізавета Макрыдзіна, Кацярына Насевіч, Дзяніс Петушкоў, Кацярына Петушок, Людміла Сянчыла, Іван Фількевіч і Раман Якімёнак.

Праваабаронцы лічаць іх пераслед палітычна матываваным і звязаным з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркавання адносна вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, агрэсіі Расіі супраць Украіны ды іншых грамадска значных падзей.

Паводле інфармацыі праваабарончай супольнасці, гэтыя людзі апынуліся ў няволі ў выніку змяшэчння пад варту, хатняга арышту, працяглага адміністрацыйнага арышту або былі асуджаныя да пазбаўлення ці абмежавання волі. Усе яны ўжо вызваленыя, аднак не рэабілітаваныя і не атрымалі кампенсацыі за нанесеную ім шкоду.

Падпісанты заявы патрабуюць ад уладаў перагледзець законнасць утрымання гэтых людзей пад вартай і іх крымінальныя справы, скасаваць вынесеныя выракі, цалкам рэабілітаваць іх і кампенсаваць нанесеную шкоду.

Апрача “Вясны” дакумент падпісалі Беларускі ПЭН, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дом правоў чалавека, “Прававая ініцыятыва”, Human Constanta, Lawtrend і Беларускі Хельсінкскі камітэт.

Праваабарончая супольнасць пачала надаваць статус былых палітычных зняволеных людзям, якія не былі прызнаныя палітвязнямі падчас знаходжання ў няволі, увосень 2023 года.

У заяве кааліцыі беларускіх праваабарончых арганізацый ад 12 кастрычніка 2026 года адзначалася, што з 2020-га ў краіне дзейнічае “скаардынаваная сістэма падаўлення іншадумства, якая ахоплівае праваахоўныя органы, суды, пенітэнцыярную сістэму ды іншыя дзяржаўныя структуры”.

Ад пачатку пазначанага перыяду фігурантамі палітычна матываваных крымінальных спраў стала як мінімум 3,2 тыс. чалавек. За гэты перыяд зафіксавана не менш за 28,5 тыс. затрыманняў, вобшукаў ды іншых формаў рэпрэсій. Колькасць прызнаных палітвязнямі, у тым ліку былымі, вырасла да 4.879 (+1.488) чалавек.

Адзначалася, што вызваленне не гарантуе спынення пераследу. З прыкладна 900 вызваленых, пра якіх вядома праваабаронцам, не менш за 220 было прымусова вывезена з Беларусі: “Ціск на былых палітвязняў працягваецца як унутры краіны, так і за яе межамі”.

Паводле даных “Вясны”, на 26 кастрычніка ў краіне налічваецца 886 палітвязняў.

Падзяліцца: