Мінск 21:59

У новым навучальным годзе расіянам зноў будзе выдзелена 1 тыс. бюджэтных месцаў у ВНУ Беларусі

Крыніца: pravo.by

30 чэрвеня, Позірк. Беларускія ВНУ зноў выдзеляць каля 1 тыс. бюджэтных месцаў для грамадзян Расіі, якія здалі ў 2025 годзе адзіны дзяржаўны экзамен (АДЭ), паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Такую заяву чыноўнік зрабіў па выніках перамоваў 30 чэрвеня з удзелам прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына і міністра навукі і вышэйшай адукацыі РФ Валерыя Фалькова, адзначае прэс-служба ўрада.

Паводле слоў Іванца, для прыёму на навучанне расіян “вызначаны досыць вялікі спектр універсітэтаў — больш чым 30”. Пры гэтым абітурыенты з РФ могуць паступаць у ВНУ і па адзіным конкурсе з беларусамі — праз здачу цэнтралізаванага тэсціравання, дадаў міністр.

Іванец таксама паведаміў, што дасягнутая дамоўленасць аб запуску з навучальнага года-2026/2027 сумесных з РФ адукацыйных праграм па ключавых напрамках. Партнёрамі выступаюць вядучыя ўніверсітэты дзвюх краін — БДУ, БНТУ, БДУІР і Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Баўмана.

Аб увядзенні квоты ў 1.000 месцаў для навучання расіян у беларускіх ВНУ на бюджэтнай аснове Іванец упершыню заявіў у сакавіку 2024 года. Такім чынам, за год іх колькасць не змянілася.

28 сакавіка начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Сяргей Пішчоў паведаміў, што ў беларускіх ВНУ праходзіць навучанне каля 2 тыс. грамадзян Расіі.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у відэазвароце да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння XII Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі 27 чэрвеня заявіў, што ўсяго ў расійскіх ВНУ зараз атрымлівае адукацыю каля 13 тыс. грамадзян Беларусі.

Падзяліцца: