Мінск 08:35

Паталагічны хлус перасягнуў самога сябе — Латушка пра апошнія заявы Лукашэнкі пра яго

Павел Латушка
Фота: "Позірк"

1 ліпеня, Позірк. “Паталагічны хлус перасягнуў сам сябе“, — так пракаментаваў “Позірку” кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра яго.

1 ліпеня на сходзе з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці Лукашэнка, паводле выразу дзяржСМІ, “падзяліўся шакавальнымі падрабязнасцямі наконт таго, што магло адбыцца, калі б у 2020 годзе ён асабіста не спыніў правакацыю, якая рыхтуецца“: “Калі б не Лукашэнка-дыктатар, іх (мабыць, лідараў апазіцыі. — “Позірк”.) спалілі б у адным доме, калі справакаваць іх хацелі. І гэты “лахушкін” (традыцыйная для Лукашэнкі абразлівая згадка Паўла Латушкі. — “Позірк”.) сядзіць сёння ў Польшчы і вяшчае. А гэта ён іх хацеў сабраць у адным доме тут, у цэнтры Менска, і спаліць. Дзякуй богу, што ў Ціханоўскай Святланы там была ахова так званая — з МУС хлопец “унюхаў“, што нешта не так і патэлефанаваў нашым сілавікам. Яны мне далажылі. Я сказаў: “Публічна, дэманстратыўна вазьміце пад ахову гэты дом”. І я з вуліц зняў “Альфу” і кінуў туды, каб яны ўбачылі, што мы ведаем і ахоўваем гэты дом. Правакацыя не ўдалася. Я ўпершыню кажу пра чалавека, які гэта намышляў. Для чаго? Дзеля таго каб быць адным лідэрам гэтай усёй смярдзючай апазіцыі. Яны да гэтага дастукаліся”.

“У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года я быў генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра і на свае вочы бачыў зарыва ад вогненных выбухаў гранат над цэнтрам Менска, калі на ягоны загад пачалі забіваць і здзекавацца з беларусаў. А адзіным будынкам, які ахоўваў “Альфа“ КДБ, была ягоная адна з “наццаці“ рэзідэнцый, у якой ён схаваўся і дрыжаў ад страху ад людской нязгоды і пратэсту“, — заявіў “Позірку” Латушка.

“Страх не адпускае дыктатара дагэтуль. Хоць мне ўяўляецца, тут не каментар гэтаму маналогу дыктатара варта даваць, а дыягназ ставіць трэба“, — дадаў палітык.

Падзяліцца: