Мінск 04:23

Келаг зняпраўдзіў заяву Лукашэнкі пра гатоўнасць ЗША спрыяць спыненню ўдараў Украіны па тэрыторыі РФ

Архіўнае фота: JKTKMM / Wikimedia Commons

2 ліпеня, Позірк. “Вырваным з кантэксту” назваў спецпрадстаўнік ЗША па пытаннях Украіны Кіт Келаг выказванне Аляксандра Лукашэнкі 1 ліпеня аб тым, што пасланнік Белага дома абяцаў “папрацаваць” над пытаннем спынення Украінай удараў па тэрыторыі Расіі.

“Падчас размовы з Лукашэнкам [у Мінску] мы абмяркоўвалі поўнае і безумоўнае спыненне агню. Любое абмежаванне паводзін Кіева было абумоўлена дзеяннямі ў адказ Масквы. Я ні разу не рабіў заўваг, якія тычацца вядзення Украінай вайны па-за рамкамі поўнага спынення агню”, — напісаў Келаг на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.

Выступаючы 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасці, Лукашэнка сярод іншага заявіў, што на перамовах з Келлагам ён “у тым ліку давёў да амерыканскага боку пазіцыю свайго расійскага калегі Уладзіміра Пуціна наконт магчымасці перамір’я ва Украіне, для пачатку хоць бы ў паветры”.

Лукашэнка нібыта “заклікаў амерыканскі бок адысці ад перадвыбарнай вакханаліі і рэалізоўваць тое, пра што заяўлялася раней”. “Час адыходзіць і пачынаць займацца канкрэтнай справай. З гэтых пазіцый ішлі перамовы і па Украіне ў тым ліку. Яны шмат пра гэта кажуць сёння — перамір’е ну хоць бы ў паветры. Мы з Уладзімірам Пуціным абмяркоўвалі гэтую праблему раней, гэта не першы раз уздымаецца пытанне. Пуцін правільна кажа: “Слухайце, мы за, мы ж не супраць, мы ж не хочам, каб па нашых гарадах білі ракеты амерыканскія, ангельскія, французскія і нямецкія”, — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым, паводле паведамлення прэс-службы Лукашэнкі, ён “нагадаў і аб пастаянных нападах дронаў”. Паводле яго слоў, у Пуціна на гэты конт ёсць адно дакладнае патрабаванне: “Хай яны (на Захадзе) скажуць свайму падначаленаму Зяленскаму, каб ён не наносіў па Расіі ўдары. Тады мы пагодзімся”.

“Вось гэтую пазіцыю да амерыканцаў давёў. І кажу: і што тут дрэннага? Мы папрацуем, кажа прадстаўнік ЗША, у гэтым кірунку”, — заявіў Лукашэнка.

Расійская агрэсія ў дачыненні да Украіны, якую падтрымлівае афіцыйны Мінск, працягваецца з 24 лютага 2022 года.

Лукашэнка і Келаг сустракаліся ў Мінску 21 чэрвеня 2025 года.

Падзяліцца: