Першы выпуск профільных інжынерных класаў склаў 2,4 тыс. чалавек — Мінадукацыі
2 ліпеня, Позірк. У 2025 годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі адбыўся першы выпуск профільных інжынерных класаў, іх скончыла каля 2,4 тыс. навучэнцаў, паведаміў 2 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў.
Паводле яго слоў, выпускнікі такіх класаў маюць права паступаць без экзаменаў па сумоўі на шэраг спецыяльнасцяў.
Пры гэтым, адзначыў чыноўнік, ім неабходна мець у атэстаце не ніжэй за 8 балаў па профільных прадметах, якія вызначаныя па абранай спецыяльнасці, і не ніжэй за 7 балаў па ўсіх астатніх прадметах.
Каб працягнуць навучанне на гэтых умовах, таксама неабходная рэкамендацыя педагагічнага савета школы, якую скончыў выпускнік, сказаў Пішчоў.
Асноўнай мэтай навучання ў профільных класах з’яўляецца “ўсвядомлены выбар спецыяльнасцяў”, гэта “важны складнік прафарыентацыйнай работы”, падкрэсліў прадстаўнік Мінадукацыі.
“У нас дастаткова шырокі пералік такіх дадатковых магчымасцяў паступлення ў дзяцей без уступных выпрабаванняў і па сумоўі (пераможцы алімпіяд, мэтавы кірунак і інш. — “Позірк”.). Аднак па кожнай спецыяльнасці мінімум 20% ад кантрольных лічбаў прыёму, а па медыцынскіх спецыяльнасцях не менш за 10%, застанецца для паступлення абітурыентаў на агульных падставах”, — заявіў чыноўнік.
У Беларусі профільныя класы з’явіліся ў 2015 годзе. Ёсць педагагічныя профільныя класы (навучаецца больш за 8 тыс. чалавек), ваенна-патрыятычныя (каля 4 тыс.), аграрнай і спартыўна-педагагічнай накіраванасці.
Пералік спецыяльнасцяў, на якія змогуць паступаць без экзаменаў ва ўніверсітэты выпускнікі профільных класаў, вызначаны пастановай Савета міністраў № 197 ад 21 сакавіка.
Аб неабходнасці павышэння прэстыжу інжынерных прафесій заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка 2024 года на нарадзе аб развіцці прамысловасці. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі “павінны па досведзе савецкага мінулага істотна падняць прэстыж інжынерных прафесій, павысіць статус тых людзей, чыімі рукамі і інтэлектам ствараюцца рэальныя матэрыяльныя каштоўнасці”.
Лукашэнка ўказаў на неабходнасць “на справе ўмацаваць сувязь усіх узроўняў адукацыі — ад школы, ВНУ да прадпрыемства”.
Аб’ём падрыхтоўкі інжынерных кадраў у Беларусі “пакуль не адпавядае патрэбам эканомікі”, паведаміў 17 снежня 2024 года на нарадзе ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце Раман Галоўчанка, які займаў на той момант пасаду прэм’ер-міністра.
Паводле слоў чыноўніка, “набор на тэхнічныя спецыяльнасці ніжэйшы, чым замова арганізацый на падрыхтоўку такіх кадраў”.
“У 2023 годзе на інжынерныя спецыяльнасці залічана 16 з невялікім тыс. абітурыентаў, а ў год іх выпуску з ВНУ, гэта значыць у 2027 годзе, замова складае ўжо 21,5 тыс. чалавек, — сказаў ён. — Гэта значыць, рэальны сектар можа недаатрымаць каля 5 тыс. маладых інжынераў”.
Праведзены “Позіркам” аналіз даных Белстата паказаў, што колькасць устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі скарацілася са 166 у 2023/2024 навучальным годзе да 162 у 2024/2025 навучальным годзе (-2,41%), колькасць навучэнцаў у іх вырасла з 63,1 тыс. да 67,5 тыс. (+7%).
Колькасць вышэйшых навучальных устаноў у краіне за гэты час скарацілася з 49 да 47 (-4,08%), колькасць студэнтаў — з 232,9 да 224,2 тыс. (-3,45%).
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваЧыноўнікі Мінадукацыі паведамляюць супярэчлівыя звесткі аб квоце на навучанне расіян у ВНУ (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства100 балаў на ЦТ і ЦЭ атрымала больш за 2 тыс. абітурыентаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаУ студзені — траўні было звольнена на 9% работнікаў больш, чым нанята (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаПродажы беларускіх тавараў у краіны па-за СНД знізіліся за год на 11% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+