На фоне абвастрэння стасункаў з РФ Азербайджан заяўляе пра ўмацаванне сувязей з Беларуссю

3 ліпеня, Позірк. Азербайджан і Беларусь “звязаныя традыцыйна блізкімі стасункамі сяброўства і ўзаемнай падтрымкі”, адзначыў азербайджанскі прэзідэнт Ільхам Аліеў, віншуючы Аляксандра Лукашэнку і беларускі народ з Днём незалежнасці (3 ліпеня).
“Прыемна адзначыць высокую дынаміку супрацы паміж нашымі краінамі, якая з кожным годам узбагачаецца новым зместам, — прыводзіць тэкст паслання палітыка азербайджанскае інфармагенцтва AZERTAC. — Прыемна, што ў нас атрымалася дасягнуць добрага ўзроўню ў развіцці міждзяржаўнага дыялога, умацаванні гандлёва-эканамічнай супрацы ды інтэнсіфікацыі культурных і гуманітарных сувязей”.
“Я перакананы, што дзякуючы нашым сумесным намаганням двухбаковыя стасункі і ўзаемавыгадная супраца паміж Азербайджанам і Беларуссю працягнуць дынамічна пашырацца і паглыбляцца ва ўсіх напрамках, у духу стратэгічнага партнёрства на карысць нашых сяброўскіх народаў і краін”, — падкрэсліў Аліеў.
Кіраўніцтва Азербайджана і раней заяўляла пра гатоўнасць умацоўваць сувязі з Беларуссю, аднак цяпер гэта адбываецца на фоне канфлікту Баку з найбліжэйшым саюзнікам Мінска — Масквой.
Стасункі Азербайджана і Расіі абвастрыліся напрыканцы снежня 2024 года пасля крушэння пасажырскага самалёта авіякампаніі AZAL ля горада Актаў (Казахстан). Пасля высветлілася, што лайнер быў збіты на падлёце да Грознага (Чачня, РФ) сіламі расійскай супрацьпаветранай абароны. Аліеў абвінаваціў Расію ў спробе замяць здарэнне, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэння за “трагічны інцыдэнт”, але фактычна не ўзяў на сябе адказнасць.
У сярэдзіне лютага 2025 года ўлады Азербайджана запатрабавалі скараціць штат мясцовага аддзялення расійскага прапагандысцкага СМІ Sputnik (уваходзіць у медыягрупу “Россия сегодня”) з сарака да аднаго чалавека. Напрыканцы таго ж месяца Баку вырашыў ліквідаваць гэта медыя. Пасля высветлілася, што СМІ працягвала працаваць, яго супрацоўнікі прыходзілі ў офіс.
Аліеў не стаў браць удзел у травеньскіх урачыстасцях у Маскве з нагоды 80-годдзя перамогі.
27 чэрвеня ў Екацярынбургу (Свярдлоўская вобласць Расіі) затрымалі больш за 50 чалавек азербайджанскага паходжання. Падчас затрымання два чалавекі загінула. Міністэрства замежных спраў Азербайджана выказала амбасадару РФ “рашучы пратэст” і запатрабавала прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Праз некалькі дзён азербайджанская парламенцкая дэлегацыя скасавала ўдзел у пасяджэнні сумеснай з Федэральным сходам РФ камісіі па супрацы, а Міністэрства культуры Азербайджана — сумесныя культурныя мерапрыемствы з расійскімі арганізацыямі.
Тады ж стала вядома пра тое, што азербайджанскія сілавікі затрымалі дырэктара аддзялення Sputnik Ігара Картавых і супрацоўніка гэтага СМІ Яўгена Белавусава (арыштаваныя на 4 месяцы). Мясцовыя медыі паведамілі, што яны нібыта з’яўляюцца агентамі ФСБ. МУС Азербайджана пасля адсправаздачылася пра затрыманне ў агульнай складанасці сямі чалавек — “па справе аб махлярстве, незаконным прадпрымальніцтве і адмыванні даходаў”.

- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 1–2 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ першай палове 2025 года краіны ЕС зафіксавалі ў 1,6 раза больш спробаў пераходу нелегалаў з Беларусі, чым у другой палове 2024-га (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства