Лукашэнка мае намер “і далей прыкладаць магчымыя намаганні” для супрацоўніцтва з Венесуэлай
5 ліпеня, Позірк. У Беларусі “высока цэняць трывалыя адносіны прыярытэтнага супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі паміж дзвюма краінамі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 5 ліпеня кіраўніка кіруючага ў Венесуэле рэжыму Нікаласа Мадуру з Днём незалежнасці.
“Перакананы, што мы будзем і далей прыкладаць магчымыя намаганні для ўмацавання гэтых сувязяў праз паспяховую рэалізацыю сумесных праектаў”, — цытуе віншавальніка яго прэс-служба.
У кароткім віншаванні венесуэльскі народ названы “брацкім”, ён “добра ведае цану свабоды” і, паводле сцвярджэння Лукашэнкі, “ужо не першае дзесяцігоддзе ўпэўнена рухаецца да высокіх ідэалаў справядлівасці, міру і роўнасці, нягледзячы на шматлікія выклікі і перашкоды з боку недружалюбных краін”.
“На нядаўніх парламенцкіх і рэгіянальных выбарах венесуэльцы чарговым разам пацвердзілі прыхільнасць да закладзенага маім вечным сябрам камандантэ Уга Чавесам курсу развіцця, якім сёння паслядоўна рухаецца дзяржава пад вашым, паважаны Нікалас, мудрым кіраўніцтвам”, — адзначыў аўтар паслання.
Парламенцкія і рэгіянальныя выбары прайшлі ў Венесуэле 25 траўня 2025 года. Паводле звестак Нацыянальнага выбарчага савета, упэўненую перамогу ў абедзвюх кампанія атрымала кіроўная на чале з Мадурам кааліцыя Вялікі патрыятычны полюс Сімона Балівара. У парламенце блок атрымаў 256 месцаў з 285. Апазіцыя заклікала да байкоту выбараў, паводле афіцыйных звестак, яўка склала 42,66%.
28 ліпеня 2024 года ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары, пераможцам якіх у трэці раз абвясцілі Мадуру. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ён набраў 51,2% галасоў, нязначна апярэдзіўшы кандыдата аб’яднанай апазіцыі — былога дыпламата Эдмунда Гансалеса (44,2%). Паводле даных незалежных экзітполаў, Гансалеса падтрымала 65% выбаршчыкаў, а Мадуру — ад 14% да 31%.
Пасля выбараў у Венесуэле пачаліся пратэсты апазіцыі. Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, у Каракасе паліцыя і вайскоўцы ўжывалі супраць пратэстоўцаў слезацечны газ і гумовыя кулі. Пратэсты былі канчаткова падаўленыя ў пачатку жніўня.
Загінула прынамсі 28 чалавек, каля 200 было паранена. Улады арыштавалі каля 2.000 чалавек, з’явіліся паведамленні, што некаторыя падвергліся катаванням.
У сярэдзіне лістапада ўлады абвясцілі аб вызваленні 225 чалавек, затрыманых падчас пратэстаў.
Дэмакратычныя краіны не прызналі вынікі выбараў. Шэраг дзяржаў, уключаючы ЗША, прызналі Гансалеса абраным прэзідэнтам. Ён быў вымушаны пакінуць краіну з-за пагрозы арышту ў верасні мінулага года.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская правяла некалькі сустрэч з Гансалесам.
Мадура кіруе Венесуэлай з 2013 года-пасля смерці ранейшага аўтарытарнага кіраўніка Уга Чавеса. Супраць Венесуэлы ўведзены шэраг міжнародных санкцый.

- Грамадства, ПалітыкаЛатушка — пра магчымае выдварэнне з Польшчы беларуса, які напаў на яго: Гэта адкрывае скрыню Пандоры для ўсіх правакатараўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваНа Дзень незалежнасці-2025 здарылася на 60% больш пажараў, чым год тамуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства3 ліпеня ў Беларусі перакрыты тэмпературны рэкорд дня амаль 90-гадовай даўніны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка