Мінск 20:44

Бабуля і яе непаўналетняя ўнучка загінулі на пажары ў Пухавіцкім раёне

Відэа з ютуб-канала Мінскага абласнога ўпраўлення МНС / стоп-кадр: "Позірк"

6 ліпеня, Позірк. Пажар у вёсцы Культура (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) 5 ліпеня забраў жыцці двух чалавек, вынікае з інфармацыі Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле інфармацыі ведамства, у 23:06 паступіла паведамленне пра пажар у будынку, узведзеным “для пражывання на час будаўніцтва жылога дома”. На месцы здарэння супрацоўнікі МНС знайшлі двух загінулых — дачку гаспадара дома (2013 года нараджэння) і яго маці (1950 г.н.).

Сваякам загінулых аказалі псіхалагічную дапамогу. Прычыны і абставіны здарэння высвятляюцца.

Міністэрства заклікала бацькоў не пакідаць “маленькіх дзяцей без нагляду”. “Стварыце бяспечныя ўмовы пражывання для вашага дзіцяці: не эксплуатуйце няспраўныя пячное ацяпленне, электраправодку і электрапрыборы, не курыце ў доме, — настойліва рэкамендуе МНС. — Усталюйце ў доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік і сачыце за яго працаздольнасцю. Гэты прыбор зможа папярэдзіць пра ўзнікненні пажару на ранняй стадыі і нават абудзіць ноччу”.

За некалькі гадзін да згаданай вышэй трагедыі пажар у кватэры шматпавярховага дома ў Брэсце забраў жыццё мужчыны (1957 г.н.).

Паводле даных МНС, з пачатку 2025 года ад агню ў Беларусі загінула больш за 300 чалавек.

Падзяліцца: