БМЗ, які знаходзіцца пад санкіямі, прыпыніў выпуск некаторых відаў прадукцыі

9 ліпеня, Позірк. Беларускі металургічны завод (БМЗ) прыпыніў “выпуск некаторых відаў прадукцыі, каб не працаваць сабе на страту”, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па тэхналогіі і якасці Сяргей Цярлецкі на сустрэчы з работнікамі электрасталеплавільнага цэха № 1.
“Працуем устойліва, адаптуемся да сучасных умоў, шукаем новыя рынкі, распрацоўваем і выпускаем новыя віды прадукцыі, зніжаем затраты, — цытуе намеснік дырэктара прэс-служба прадпрыемства. — Да канца першага паўгоддзя на БМЗ выплавілі крыху менш за 1 млн тон сталі. Так, было і больш, але ў цяперашніх рэаліях”.
Адной з галоўных задач Цярлецкі назваў зніжэнне затрат. Таксама, паводле яго слоў, вялікая ўвага на БМЗ удзяляецца і асваенню новых інавацыйных відаў прадукцыі (каля 40 працэнтаў). У прыватнасці, асвоены выпуск і адпраўлены на продаж вопытныя партыі паласавога пракату (адзін з відаў металургічнай прадукцыі. — “Позірк”.).
“Такім чынам, мы стараемся заняць на рынку новыя нішы, якія раней не займалі”, — сказаў намеснік дырэктара.
У мінулым месяцы мэнэджмент прадпрыемства на сустрэчах з персаналам некалькі разоў згадваў пра цяжкасці ў сувязі з санкцыйнымі абмежаваннямі і вонкавай кан’юнктурай. Так, паводле паведамлення прэс-службы ад 26 чэрвеня, гендырэктар Дзмітрый Корчык заявіў, што “пачатак года было няпростым, у першую чаргу, з прычыны зніжэння коштаў на металургічную прадукцыю на сусветным рынку”.
“Першыя месяцы мы выраўноўвалі сітуацыю, а ўжо з сакавіка сталі працаваць з аперацыйным прыбыткам. Рэнтабельнасць продажаў у нас станоўчая. І па выніках паўгоддзя плануем канчаткова выраўнаваць сітуацыю”, — адзначыў ён.
Корчык назваў няпростай “сітуацыю па метызным кірунку”, паколькі на рынак Расіі прыйшлі кітайскія вытворцы аўтамабіляў, у якіх “маюцца свае шыны”.
У сувязі з падзеннем экспарту корда “на заводзе праходзіць працэс аптымізацыі персаналу”, сказаў гендырэктар.
“Тэндэнцыю памяншэння заказаў па метызнай вытворчасці” ў РФ таксама адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Ігар Чарняўскі (публікацыя ад 23 чэрвеня), які курыруе гэты напрамак: “Знізілася ранейшае спажыванне шын, адпаведна падае і аб’ём спажывання металакорду. Да таго ж на гэтым рынку назіраецца вялікая канкурэнцыя з боку кітайскіх вытворцаў.
Пры гэтым ён заявіў, што менеджмент бачыць перспектыру развіцця вытворчасці “на некалькі гадоў наперад”, нягледзячы на тое, што БМЗ “ужо практычна тры гады працуе ва ўмовах жорсткіх санкцыйных абмежаванняў”.
У красавіку паведамлялася, што БМЗ працуе на ўзроўні 90% да мінулага года.
У студзені гэтага года аб’яднанне былых сілавікоў BelPol назвала БМЗ адным са звёнаў у ланцужку масавай вытворчасці ў Беларусі снарадаў для расійскага войска.
БМЗ працуе з 1984 года ў Жлобіне (Гомельская вобласць). Аб’ядноўвае чатыры вытворчасці: сталеплавільная, пракатная, трубная і метызная. Завод з’яўляецца кіруючай арганізацыяй холдынгу “Беларуская металургічная кампанія”, які кантралюецца дзяржавай. Знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, ЗША, Украіны і іншых краін.
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала з дыпламатамі з 22 краін крокі па вызваленні палітвязняў, паведаміла пра планы дэмсіл (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаБеларусь другі месяц запар на апошнім месцы ў ЕАЭС паводле дынамікі сельгасвытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ 2024 годзе малы і сярэдні бізнес амаль на чвэрць павялічыў выручку ад продажаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка