Мінск 17:59

Сілавікі і прапаганда апраўдваюць рэпрэсіі ў дачыненні да сваякоў палітэмігрантаў

Ілюстрацыйнае фота: Ruben Christen / unsplash.com

12 ліпеня, Позірк. На прыкладзе блогера Андрэя Павука, які знаходзіцца за мяжой, сілавікі і прапаганда апраўдваюць рэпрэсіі ў дачыненні праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што пакінулі Беларусь.

На пачатку чэрвеня ў Вільнюсе адбыўся Baltic Pride 2025. Павук прыйшоў на яго ў міліцэйскай форме і з афіцыйным чырвона-зялёным сцягам Беларусі.

11 ліпеня ў эфіры ютуб-канала “Інфармацыйны баявы атрад” прапагандыст Рыгор Азаронак паказаў фрагмент гутаркі са старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах ГУБАЗіК МУС Уладзімірам Гараглядам, які паведаміў, што за вільнюскі перформанс у дачыненні да Павука распачатая крымінальная справа паводле арт. 370 КК (знявага дзяржсімвалаў).

“У дачыненні да Павука ўжо ўзбуджана больш за 50 крымінальных спраў, то бок гэтаму чалавеку губляць няма чаго, — сказаў прадстаўнік сілавога ведамства. — Але варта акцэнтаваць увагу на іншым моманце. Ён любіць уцягваць у <… > беззваротную бездань іншых асоб, якія знаходзяцца побач з ім <… > на акцыях, <… > якія яму аказваюць падтрымку нейкую. Ні для каго не сакрэт, што ён просіць, тэлефануе, патрабуе, каб яму даставалі нейкія сім-карты, афармлялі іх на сваіх сяброў, сваякоў, грошы нейкія давалі, якую-небудзь інфармацыю. Усе ведаюць, што ён любіць патэлефанаваць службовым асобам і задаць якія-небудзь пытанні. Насамрэч гэтыя пытанні не адрозніваюцца нічым паводле свайго зместу ад правакацый”.

“Пасля ўзнікае слушнае пытанне ва ўсёй медыяпрасторы, ва ўсіх сацыяльных сетках якіх-небудзь, рэсурсах навін (вельмі любяць дэструктыўныя рэсурсы раздзмуць гэтую тэму): чаму сілавікі — асабліва яны любяць акцэнтаваць увагу на нашай структуры, чаму ГУБАЗ потым прыходзіць да сваякоў, прыходзіць да знаёмых, якія недзе там засвяціліся, якія былі дэанімізаваныя, з вобшукамі, арыштамі і гэтак далей”, — заявіў Гарагляд.

Паводле сцвярджэння прадстаўніка ГУБАЗіК, у Крымінальна-працэсуальным кодэксе прадугледжана, што “пры ўзбуджэнні крымінальнай справы праводзіцца ўвесь комплекс следчых і іншых мерапрыемстваў”, якія “ўключаюць у сябе і вобшукі, і арышты, якія накладаюцца на маёмасць, допыты”.

“То бок, калі новая асоба з’яўляецца ў асяроддзі Павука, альбо Павук здзяйсняе яшчэ адно злачынства, і ў гэтым злачынстве былі заўважаныя іншыя асобы, — да іх у любым выпадку прыйдуць з вобшукам, арыштамі, допытамі, — заявіў ён. — Прычым варта адзначыць, што калі гэтыя асобы знаходзяцца за мяжой — у Польшчы, Літве, па-за зонай дасяжнасці, па-за юрысдыкцыяй Рэспублікі Беларусь, прыходзяць да іх блізкіх і знаёмых, бо гэта таксама прадугледжана беларускім заканадаўствам. Атрымліваецца, што калі скачуць на гей-парадах пад дудку Павука, будуць цярпець іх блізкія. І не таму, што гэтага хочацца нам, а таму што гэта прадугледжана заканадаўствам, мы абавязаны гэта зрабіць. Гэта значыць, Павук робіць правакацыю, мы абавязаны на яе адрэагаваць, па-іншаму нельга. <…> Любая супраца з Павуком, супраца з любымі “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” і “структурамі” няўхільна панясе (верагодна, мелася на ўвазе “пацягне”. — “Позірк”.) адказнасць”.

Пасля каментарыя сілавіка Азаронак ва ўласцівай яму манеры заявіў, што “любы, хто трапіць у аб’ектыў тэлефона ці камеры” Павука, “на якім вісіць 50 крымінальных спраў”, з’яўляецца “саўдзельнікам злачынства”, а значыць да яго сваякоў “прыйдуць аператыўнікі”. “Засвяціліся ў камеры Павука, камент далі — вашыя сваякі будуць вам вельмі ўдзячныя”, — выказаў ён непрыкрытую пагрозу.

У эфіры былі паказаныя відэаролікі з людзьмі сталага веку (іх твары знарок схаваныя) — як сцвярджаецца, бацькамі ўдзельнікаў Baltic Pride 2025, у тым ліку Павука. Усе яны выступілі з асуджэннем дзеянняў сваіх блізкіх.

Намеснік гендырэктара агенцтва “Мінск-Навіны”, галоўны рэдактар газеты “Мінскі кур’ер” Кірыл Казакоў, які ўдзельнічаў у эфіры, на патэнцыйныя прэтэнзіі ў тым, што рэжым рэпрэсуе сваякоў апанентаў, заявіў, што “Ізраіль бамбіць і знішчае дамы разам са сваякамі тых тэрарыстаў, якіх яны тэрарыстамі лічаць”.

“Што тычыцца сваякоў, даруйце мяне, спадары, вы, напэўна, усе выдатныя і добрыя людзі. Але заўсёды ж кажам пра тое, што выхаванне ў сям’і — гэта тая самая краевугольная штука, якая пасля дае магчымасць чалавеку выхавацца як асобе. <…> Значыць нейкую частку адказнасці мы павінны перакласці на сваякоў, знаёмых. <…> Першае, што нам скажуць — сын за бацьку не адказвае, маці за сына таксама не нясе адказнасці. Нясе. Нясе, таму што сямейнае кола самае галоўнае ў выхаванні”, — сказаў ён.

У чэрвені 2024 года Брэсцкі абласны суд завочна прыгаварыў блогера Андрэя Павука да 12 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму ў рамках палітычна матываванай крымінальнай справы.

Падзяліцца: