Ціханоўская заклікала Італію далучыцца да ЗША і ЕС у справе вызвалення палітвязняў

12 ліпеня, Позірк. Вызваленне беларускіх палітвязняў абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сустрэчы з міністрам замежных спраў Італіі Антоніа Таяні падчас Дуброўніцкага форуму (11–12 ліпеня, Харватыя).
Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага палітыка, Ціханоўская заклікала Італію “далучыцца да каардынаваных намаганняў ЗША і ЕС, каб дамагчыся далейшых вызваленняў і спынення рэпрэсій у Беларусі”. Яна адзначыла, што “спалучэнне ціску, салідарнасці і дыпламатыі працуе”, таму трэба “рухацца далей”.
Таяні, як сцвярджае прэс-служба дэмлідара, “выказаў цвёрдую падтрымку беларускаму народу і гатоўнасць Італіі дзейнічаць разам з партнёрамі, каб дамагчыся дэмакратыі ў Беларусі”.
Сярод іншага бакі абмеркавалі “геапалітычную сітуацыю і пытанні бяспекі ў рэгіёне”. Ціханоўская падзякавала Рыму за “выдачу шэнгенскіх віз беларусам”, “падтрымку беларускіх ініцыятываў у АБСЕ, ЕС і ААН”, “дыпламатычную працу” ды “падтрымку грамадзянскай супольнасці”.
Напярэдадні беларускі палітык выступіла на Дуброўніцкім форуме ў рамках панэлі “SOS: Заходнія каштоўнасці ў крызісе?” Ціханоўская заявіла, што “дэмакратыя патрабуе абароны — ад папулізму, дэзынфармацыі і спробаў дыктатараў выкарыстаць яе ж інструменты супраць дэмакратычных каштоўнасцяў”.
“[Аляксандр] Лукашэнка некалі называў [аўтарытарнага кіраўніка Сербіі і Югаславіі канца XX стагоддзя] Слабадана Мілошавіча братам — і скапіяваў яго метады: трымацца за ўладу любой цаной, кіраваць праз страх, прымушаць людзей маўчаць. Гэта тое, што аб’ядноўвае ўсіх тыранаў: бязмежная прага ўлады і поўная абыякавасць да чалавечай годнасці”, — адзначыла яна.
На думку дэмлідара, сёння ў свеце ідзе “маральная барацьба”, падзел праходзіць “не паміж левымі і правымі, а паміж тымі, хто верыць у свабоду, і тымі, хто ўхваляе тыранію”, паміж “тымі, хто лічыць правы чалавека неабавязковымі, і тымі, хто ведае, што яны свяшчэнныя”.
“Калі не абараняць дэмакратыю, яна можа абярнуцца супраць вас, — папярэдзіла Ціханоўская. — Дыктатары навучыліся злоўжываць дэмакратычнымі інструментамі — выбарамі, законамі, свабодамі, — каб падрываць гэтыя ж каштоўнасці”.
“Мэта аўтарытарных рэжымаў — дыскрэдытаваць дэмакратыю, паказаць яе як марудную, слабую, хаатычную. Сказаць: “Глядзіце, дэмакратыя не працуе”. Але праўда ў тым, што дэмакратыя працуе — калі мы яе абараняем”, — дадала палітык.
Пасля сустрэчы спецпрадстаўніка ЗША ў пытаннях Украіны Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам 21 чэрвеня на волю выйшлі 14 чалавек, пераважна палітвязняў, сярод якіх муж Ціханоўскай відэаблогер Сяргей Ціханоўскі.

- Грамадства
- Палітыка
- ГрамадстваНайбольшую колькасць ападкаў апошнія цыклоны прынеслі ў Брэсцкую вобласць (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы за год падаражэлі на 9%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства