Мінск 00:55

Ціханоўская прапанавала прэм’еру Харватыі прызначыць спецпасланніка па Беларусі

Святлана Ціханоўская і Андрэй Пленкавіч
Фота на старонцы прэм'ера Харватыі ў сацсетцы Х

12 ліпеня, Позірк. Прызначыць спецыяльнага пасланніка Харватыі па Беларусі прапанавала прэм’ер-міністру гэтай балканскай краіны Андрэю Пленкавічу дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на палях Дуброўніцкага форуму (11–12 ліпеня), паведаміла прэс-служба беларускага палітыка.

Раней сваіх спецпасланнікаў па Беларусі, паводле інфармацыі Офіса дэмлідара, прызначылі Германія, Данія, ЗША, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Канада, Латвія, Літва, Мальта, Нарвегія, Нідэрланды, Польшча, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Чэхія, Швецыя і Эстонія.

Ціханоўская падзякавала Пленкавічу за “падтрымку ініцыятыў у абарону палітвязняў” і “прынцыповую пазіцыю Харватыі ў міжнародных структурах, у тым ліку ў АБСЕ”.

“Харваты добра разумеюць беларусаў, якія змагаюцца не толькі за свабоду, але і за незалежнасць, — заявіла яна. — Вы ведаеце, як лёгка страціць свабоду і як цяжка яе вярнуць. Вы добра ведаеце, што такое тыранія, і таму падтрымліваеце Украіну і свабодную Беларусь. Мы цэнім наша сяброўства і салідарнасць”.

Падчас перамоў была абмеркаваная магчымасць далучэння Харватыі да Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі палітвязняў і іх сем’яў, “які ўжо падтрымліваюць Нарвегія, Швецыя, Данія, Ісландыя, Эстонія, Латвія, Люксембург і Іспанія”.

Апрача таго, бакі абмеркавалі “падрыхтоўку да Генеральнай Асамблеі ААН і магчымасць супольных мерапрыемстваў па Беларусі ў Нью-Ёрку падчас Тыдня высокага ўзроўню”, а таксама “ўдзел Беларусі ў ініцыятыве “Трохмор’е” (Харватыя будзе выконваць функцыі старшыні Ініцыятывы трох мораў у 2026 годзе; у саміце Трохмор’я, які адбыўся сёлета ў красавіку ў Варшаве, Ціханоўская ўдзельнічала на запрашэнне прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды).

Пленкавіч на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х згадаў пра сустрэчу з Ціханоўскай, але дэталяў не прывёў.

Падчас форуму беларускі палітык узяла ўдзел ў афіцыйнай вячэры разам з міністрамі замежных спраў Албаніі, Італіі, Малдовы, Тога, Украіны і Харватыі.

“Беларусь ўдзельнічае у Дуброўніцкім форуме ўпершыню, і гэта магчымасць данесці не толькі нашы пазіцыі, але і збудаваць новыя кантакты. Тут шмат прадстаўнікоў балканскіх краін, ЗША і нават палітыкі з Афрыкі. З’явілася шмат карысных кантактаў. Гэта магчымасць прасоўваць беларускае пытанне ў свеце і вырашаць практычныя праблемы беларусаў”, — адзначыла Ціханоўская.

Раней “Позірк” паведамляў, што дэмлідар выступіла на Дуброўніцкім форуме ў рамках панэлі “SOS: Заходнія каштоўнасці ў крызісе?”, а таксама правяла перамовы з кіраўніком МЗС Італіі Антоніа Таяні.

Падзяліцца: