Мінск 13:25

Беларускай эканоміцы не хапае больш за 11 тыс. кіроўцаў — даныя Дзяржаўнай службы занятасці

Крыніца: trans.info

13 ліпеня, Позірк. 11.243 вакансіі па спецыяльнасці “кіроўца аўтамабіля” адкрытыя на рынку працы Беларусі на вечар 13 ліпеня, вынікае са звестак на сайце Дзяржаўнай службы занятасці.

Больш за ўсё кіроўцаў патрабуецца ў Мінску — 3.295. Далей ідуць Мінская вобласць — 1.784, Гомельская — 1.460, Брэсцкая — 1.368, Віцебская — 1.282, Гродзенская — 1.105, Магілёўская — 949.

Усяго на вечар 13 ліпеня ў Беларусі 216.738 вакансій.

Пра тое, што колькасць вакансій на беларускім рынку працы перавысіла 216 тыс., “Позірк” паведамляў 7 ліпеня.

Месяцам раней вакансій у Беларусі было 210.941.

4 траўня міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка заявіла ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”, што на беларускім рынку працы больш за 200 тыс. вакансій, адбываецца іх планамерны рост.

Паводле слоў міністра, гэты працэс перш за ўсё “абумоўлены і змяненнем заканадаўства”: закон аб занятасці прадугледжвае абавязковае размяшчэнне кожнай вакансіі на сайце Агульнарэспубліканскага банка вакансій. Гэта дазваляе “ацаніць рынак працы”, сказала Паўлючэнка.

Больш за 50% запатрабаваных спецыяльнасцяў — прафесіі з сярэднеспецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, адзначыла яна. Больш за ўсё ў наймальнікаў запатрабаваныя работнікі ў сферах будаўніцтва (тынкоўшчыкі, муляры), сельскай гаспадаркі (жывёлаводы) і аховы здароўя.

У 2025 годзе і бліжэйшыя 10 гадоў тэндэнцыі недахопу персаналу на рынку працы ў цэлым будуць захоўвацца, заявіла 19 лютага дырэктар сэрвісу па пошуку працы і персаналу “HeadHunter Беларусь” Святлана Шапорава.

У траўні 2024 года намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч выказала меркаванне, што з улікам дэфіцыту кадраў на першым месцы па актуальнасці павінна стаяць “задача не прыцягнення новых працоўных рэсурсаў здалёку”, а ўтрыманне сваіх кадраў, а яшчэ лепш — “вяртанне суграмадзян, якія мігравалі”.

У траўні 2025 года ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 122,1 тыс. чалавек — на 13,7 тыс. менш, чым у красавіку (4 млн 135,8 тыс.; -0,3%), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У студзені 2025 года ў эканоміцы было занята 4 млн 131,6 тыс. чалавек, у лютым — 4 млн 141 тыс., сакавіку — 4 млн 146,2 тыс.

У студзені 2024 года ў эканоміцы было занята 4 млн 129,1 тыс. чалавек, у лютым — 4 млн 132,9 тыс., сакавіку — 4 млн 137,8 тыс., красавіку — 4 млн 126,5 тыс., траўні — 4 млн 112,2 тыс., чэрвені — 4 млн 113,6 тыс., ліпені — 4 млн 114,9 тыс., жніўні — 4 млн 118,5 тыс., верасні — 4 млн 108,7 тыс., кастрычніку — 4 млн 117,5 тыс., лістападзе — 4 млн 120,5 тыс., снежні — 4 млн 129,7 тыс.

Як паведамляў “Позірк”, колькасць свабодных працоўных месцаў (вакансій), заяўленых арганізацыямі ў органы працы, занятасці і сацыяльнай абароны, за апошнія 30 гадоў вырасла ў 8,8 раза (з 18.315 да 161.281).

Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінула Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называла меншую лічбу — 100 тыс. У лютаўскім дакладзе групы незалежных экспертаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі гаварылася, што з краіны за гэты час магло з’ехаць да 600 тыс. грамадзян.

Падзяліцца: