be
Arrow
Мінск 06:16

Стрыжак: Нямецкі ўрад не раскрыў звесткі пра тых, хто звяртаўся па дапамогу ў BySol

Архіўнае фота: "Позірк"

15 ліпеня, Позірк. Нямецкі ўрад не прадставіў інфармацыю пра партнёраў BySol у межах праекта з EVZ (нямецкі дабрачынны фонд “Памяць, адказнасць і будучыня”. — “Позірк”.), захавана іх канфідэнцыяльнасць, заявіў кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак у сацыяльных сетках.

Даныя тых, хто звяртаўся да BySol па дапамогу, абароненыя, дадаў ён.

Але выклікае трывогу частка адказа нямецкага ўрада, дзе паказана, што дэпутатам усё ж быў дадзены службовы доступ да дадзеных пра падтрымку былых палітвязняў. Калі ў людзей, што атрымалі доступ да інфармацыі, ёсць зламысныя намеры, магчымыя ўцечкі дадзеных. BySol не супрацоўнічаў з урадам Германіі ў пытаннях дапамогі былым палітвязням, аднак я не выключаю, што такую дапамогу аказвалі іншыя арганізацыі. Патэнцыйныя рызыкі ўцечкі нельга ігнараваць”, — адзначыў Стрыжак.

Усё гэта выглядае, “быццам AfD (партыя “Альтэрнатыва для Германіі”. — “Позірк”.) выступае ў ролі агента ўплыву ў інтарэсах лукашыстаў”.

Ён падкрэсліў: “У запытах усё тыя ж наратывы — і пра тое, што “ўсе, хто супраць Лукашэнкі — нацысты”, і пра Полк Каліноўскага, і пра крыўду з-за выключэння з праўлення EVZ, і пра санкцыі. Я не магу назваць гэта інакш, як супольнай працай па дыскрэдытацыі сістэмы дапамогі і нашай арганізацыі”.

Адказ Стрыжака тычыцца запыту дэпутатаў Бундэстага ад апазіцыйнай партыі “Альтэрнатыва для Германіі” (“АдГ”) да ўрада ад 26 красавіка.

У дакуменце было 20 пытанняў пра дзейнасць дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, палка Каліноўскага. Сярод іншага дэпутаты запыталіся, якую падтрымку EVZ аказваў BySol і якія сродкі выдзяляліся з 2020 года на падтрымку былых палітвязняў з Беларусі.

У адказе 17 чэрвеня ўрад адзначыў, што BySOL рэалізуе праект з жніўня 2024 года па чэрвень 2025 года на суму каля 95.000 еўра ў рамках падтрымкі фонду EVZ. Фінансаванне атрымліваюць арганізацыі ў Польшчы, Германіі, краінах Балтыі і на Каўказе. Больш падрабязную інфармацыю ўрад даць адмовіўся з-за меркаванняў пагрозы для людзей, якія былі падвергнутыя рэпрэсіям.

Як паведамлялася,  група дэпутатаў Бундэстага ад той жа партыі “Альтэрнатыва для Германіі” (“АдГ”) накіравала яшчэ адзін запыт ва ўрад, у якім 9 ліпеня сярод іншага пацікавілася фінансаваннем фонду BySol з федэральнага бюджэту ФРГ і аб’ёмамі дзяржаўных выдаткаў на былых беларускіх палітвязняў, якія знаходзяцца на нямецкай тэрыторыі. 

“Дзіўная ўвага з боку партыі, дэпутат якой зарабляе на працы палітычных арыштантаў у Беларусі. Маленькая паслуга для беларускіх дзя́ржаў за вырашчаную цыбульку?” — задаўся пытаннем Стрыжак, маючы на ўвазе рэзанансную гісторыю пра кампанію “Цыбулька-Бел” (аграгарадок Гуды, Лідскі раён Гродзенскай вобласці).

27 сакавіка Савет Еўрапейскага саюза ўвёў санкцыі супраць 25 фізічных і 7 юрыдычных асоб Беларусі. У ліку іншых у санкцыйныя спісы ўключана ТАА “Цыбулька-Бел”.

Раней паведамлялася, што ўладальнікам кампаніі “Цыбулька-Бел” з’яўляецца дэпутат федэральнай зямлі Саксонія ад партыі “АдГ” Ёрг Дорнаў, які падазраецца ў выкарыстанні працы беларускіх палітвязняў.

Беларусь і Расія выключаны з апякунскага савета нямецкага дабрачыннага фонду “Памяць, адказнасць і будучыня”, паведаміў 1 чэрвеня амбасадар Украіны ў Германіі Аляксей Макееў.

Паводле яго слоў, такое рашэнне было прынята 24 сакавіка 2025 года, пасля таго як папраўкі ў адпаведны закон зацвердзілі дэпутаты Бундэстага.

Падзяліцца: