Мінск 02:53

Лукашэнка лічыць прафсаюзы, якія дапамагалі яму на выбарах-2025, “самай магутнай партыйнай” арганізацыяй

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

17 ліпеня, Позірк. Падзяку за дапамогу падчас “прэзідэнцкіх выбараў” 2025 года выказаў Аляксандр Лукашэнка 17 ліпеня ў Мінску, прымаючы з дакладам старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Юрыя Сянько.

“Я заўсёды падтрымліваю прафсаюзы, і дзякуй вам і нашым прафсаюзам за тое, што яны актыўна ўдзельнічалі ў перадвыбарнай кампаніі і аказалі ў гэтым плане вялікую дапамогу ўсім тым, хто займаўся выбарамі, у тым ліку і мне”, — сказаў палітык прафсаюзнаму функцыянеру, які быў кіраўніком яго выбарчага штаба.

“Я вельмі разлічваю, што прафсаюзы ў нас будуць арганізаванай, магутнай такой базай для таго, каб падтрымліваць стабільнасць у нашым грамадстве, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Яны і зараз з’яўляюцца, напэўна, самай магутнай “партыйнай” арганізацыяй. І каціруюцца ў сваім арганізацыйным плане вышэй за любую партыю, якая ў нас існуе”.

Разам з тым, канстатаваў спікер, у працы прафсаюзаў маецца “шэраг пытанняў”.

“Я іх напярэдадні, як звычайна, атрымаў, якія вы хацелі б абмеркаваць: звышурочныя работы, уборачная кампанія (мы заўтра таксама паразмаўляем на гэтую тэму), міжнародная дзейнасць. І пра зямельныя ўчасткі — у нас тэма па краіне ў цэлым існавала і існуе — для таго, каб усталяваць за тымі ці іншымі арганізацыямі зямельныя ўчасткі, якімі яны карыстаюцца “спрадвеку”, як у народзе кажуць. Трэба ўсталяваць прававызначальныя дакументы”, — пералічыў круг тэм Лукашэнка.

Палітык таксама папрасіў Сянько, які ўзначальваў Дзяржаўны мытны камітэт у 2014–2020 гадах, ацаніць цяперашнюю працу мытнай службы і паглядаць “адным вокам” на тое, як працуе ведамства, дзе той “вырас”.

Пасля падзей 2020 года беларускія ўлады разграмілі незалежны прафсаюзны рух. У красавіку 2022 года па краіне пракацілася хваля вобшукаў і затрыманняў актывістаў. Шэраг прафсаюзных лідараў дагэтуль за кратамі. Праваабаронцы прызналі прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія трапілі пад рэпрэсіі, палітвязнямі.

У ліпені 2022 года Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і чатыры яго членскія арганізацыі — Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), Беларускі незалежны прафсаюз (БНП), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ) і Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ). У краіне не засталося незалежных прафсаюзаў, існуе толькі праўладнае аб’яднанне — згаданая ФПБ.

У тэрытарыяльныя камісіі на выбарах-2025 увайшло 1.689 чалавек. Сярод іх было 1.165 прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў (усе праўладныя), на долю ФПБ прыйшлося больш, чым на якую-небудзь іншую структуру, — 279.

Падзяліцца: