Мінск 01:53

Другі цэлюлозна-кардонны камбінат плануецца пабудаваць у Дуброўне — кіраўнік Мінлясгаса

Фота: dm-nodal.livejournal.com

17 ліпеня, Позірк. Другі цэлюлозна-кардонны камбінат плануецца ўзвесці ў Дуброўне (Віцебская вобласць), паведаміў дзяржСМІ 17 ліпеня міністр міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік.

Камбінат, паводле яго слоў, неабходны для вырашэння пытання “лішку нізкатаварнай драўніны”.

Кулік адзначыў, што раней разглядалася будаўніцтва ЦКК на поўначы Магілёўскай вобласці, бо там “сканцэнтраваныя незапатрабаваныя рэсурсы — алешына і бяроза”.

“Ствараць [новае прадпрыемства] плануецца з прыцягненнем замежнага капіталу і прыблізна на працягу пяці гадоў”, — падкрэсліў чыноўнік.

Гэта будзе “сур’ёзны цэлюлозна-кардонны камбінат, якія ёсць не ў кожнай краіне”, сцвярджае кіраўнік Мінлясгаса.

9 лістапада 2024 года на той момант прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падчас акцыі “Дай лесу новае жыццё!” заявіў, што ўрад “плануе стварэнне новых вытворчасцяў па дрэваапрацоўцы”.

“Магчыма, другі цэлюлозны камбінат з’явіцца ў Беларусі. І глыбокая перапрацоўка драўніны: адразу некалькі праектаў па вытворчасці новых, у тым ліку інавацыйных, вырабаў з дрэва”, — сказаў ён.

У Беларусі дзейнічае адзін вытворца цэлюлозы — ААТ Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат” (Гомельская вобласць). Камбінат пачаў працу ў 1968 годзе, першапачаткова спецыялізаваўся на вытворчасці гофракардону і гофраўпакоўкі.

У 2010 годзе быў падпісаны кантракт з кітайскай кампаніяй CAMCE на будаўніцтва завода сульфатнай беленай цэлюлозы на яго базе. 85% ад агульнай сумы будаўніцтва ў 800 млн склаў кітайскі звязаны крэдыт. Планавалася, што вытворчасць пачне працу ў 2015 годзе. Мясцовыя жыхары збіралі подпісы супраць будаўніцтва новага прадпрыемства ў сувязі з пагрозамі экалогіі.

Узвядзенне аб’ектаў адбывалася з вялікім адставаннем ад графіка. У 2019 годзе кіраўніцтва Светлагорскага ЦКК пачало працэдуру разрыву кантракту з кітайскім генпадрадчыкам. У сярэдзіне таго года завод працаваў у рэжыме доследна-прамысловай эксплуатацыі. Даўгі ААТ “Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат” перад кітайскімі банкамі часткова пагашаліся Міністэрствам фінансаў Беларусі.

У выніку ўвесь камбінат стаў стратным прадпрыемствам. Прыбытак ён прадэманстраваў толькі па выніках 2021 года.

У 2020 годзе не менш трох рабочых загінулі праз два надзвычайныя здарэнні на заводзе, яшчэ трое — ад выбуху ў адным з цэхаў камбіната 7 чэрвеня 2023-га.

У лістападзе 2024-га вінаватым у апошнім выбуху быў прызнаны начальнік цэха рэгенерацыі ЦКК, яму інкрымінавалі парушэнне правілаў аховы працы.

Фігурант крымінальнай справы быў прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 3 арт. 306 КК (парушэнне правілаў аховы працы, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць двух або больш асоб). Кампенсацыя маральнай шкоды на карысць пацярпелых вызначана ў памеры 560 тыс. рублёў (14 тыс. базавых велічынь).

У кастрычніку 2023 года Эканамічны суд Гомельскай вобласці вынес рашэнне аб спагнанні з ААТ “Светлагорскі ЦКК” у даход рэспубліканскага бюджэту больш за 3,3 млн рублёў у якасці кампенсацыі шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю. Падрабязнасці невядомыя.

Падзяліцца: