Мінск 23:24

За год дзеяння пашыранага бязвізу ў Беларусь з боку ЕС уехала каля 122 тыс. еўрапейцаў — Дзяржпагранкамітэт

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

19 ліпеня, Позірк. Каля 122 тыс. еўрапейскіх турыстаў наведала Беларусь, уехаўшы праз чатыры даступныя для падарожнікаў пункты пропуску на мяжы з ЕС, за год дзеяння бязвізавага парадку ўезду для грамадзян дзяржаў з так званага пашыранага спіса, вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Ведамства не ўдакладняе, унікальная гэта ці агульная колькасць перасячэнняў мяжы. Напрыклад, Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы летась паведамляла, што за жнівень 7.358 суграмадзян перасяклі літоўска-беларускую мяжу больш за 10 тыс. разоў, гэта значыць некаторыя — больш за адзін раз.

Дзяржпагранкамітэт адзначае, што большасць “бязвізавых гасцей” прыязджае ў Беларусь з боку Літвы.

“Праз наш пункт пропуску за год пашыранага бязвізу ў Беларусь накіравалася каля 70 тысяч грамадзян, — цытуе ведамства намесніцу начальніка аддзялення памежнага кантролю пагранпераходу Каменны Лог Ганну Берташ. — Сярод іх былі прадстаўнікі Літвы, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі і іншых краін”.

Больш чым за тры гады, якія мінулі з увядзення бязвізу для грамадзян суседніх краін ЕС, Беларусь, паводле даных Дзяржпагранкамітэта, наведала сама меней 1 млн 153 тыс. еўрапейцаў.

“Беларусь застаецца адкрытай для грамадзян, якія хочуць асабіста пазнаёміцца з гісторыяй, культурай і традыцыямі нашай краіны. Колькасць бязвізавых гасцей з еўрапейскіх дзяржаў пацвярджае цікавасць замежнікаў да Беларусі і садзейнічае ўмацаванню сувязей паміж народамі”, — сцвярджае ведамства.

Улады суседніх дзяржаў Еўразвяза насупраць заклікаюць сваіх суайчыннікаў устрымацца ад наведвання Беларусі з меркаванняў бяспекі.

Варта адзначыць, што большасць еўрапейцаў, якія наведалі Беларусь за апошнія 12 месяцаў, — гэта прадстаўнікі суседніх краін. На пачатку гэтага тыдня Дзяржпагранкамітэт адсправаздачыўся, што з 19 ліпеня 2024 года беларускую мяжу апрача прадстаўнікоў суседніх краін ЕС перасяклі 35.394 чалавекі з пашыранага спісу.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (з беларускага боку — Урбаны). Адзіным дзейным пунктам пропуску на мяжы дзвюх краін застаўся пункт Грыгараўшчына (Патэрніекі).

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца).

Падзяліцца: