Мінск 23:01

Праваабаронцы паведамілі пра пачатак шматлікіх судовых працэсаў па “справе дваровых чатаў”

Ілюстрацыйнае фота: rawpixel.com

20 ліпеня, Позірк. Пра пачатак шматлікіх судовых працэсаў па “справе дваровых чатаў” паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле звестак праваабаронцаў, “некаторыя судовыя працэсы ўжо пачаліся, некаторыя пачнуцца найбліжэйшым часам”.

У паведамленні гаворыцца, што ўвосень 2024 года “па ўсіх рэгіёнах Беларусі пракацілася хваля затрыманняў па справе дваровых чатаў”, якія “нібыта спрабавалі аб’яднацца ў арганізацыю”.

“У тыя ж даты КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” ініцыятыву “Ордэн”, у якую ўваходзяць дваровыя чаты “Злые когтики”, “Сухарево”, “Сеніца2.0”, “Солідарность”, “Вольныя ваўкі”, “Навагрудскія партызаны”, “ВИЛИЯ”, “Скромные матрешки”, “Соседи”, — адзначаюць праваабаронцы.

14 ліпеня цэнтр “Вясна” паведаміў пра пачатак судовага працэсу ў Гродне над пяццю мясцовымі жыхарамі. Іх абвінавачваюць паводле арт. 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за дачыненне да дваровых тэлеграм-чатаў.

Аб прызнанні згаданых чатаў “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” “Позірк” паведамляў 4 лістапада 2024 года.

У той жа дзень стала вядома аб масавых затрыманнях у рамках крымінальнай справы паводле арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).

Адзначалася, што рэйды праводзілі супрацоўнікі КДБ.

“Частка людзей знаходзіцца за кратамі, частка — выйшла на волю ў якасці сведак па крымінальнай справе. Вядома, што некаторым затрыманым задавалі пытанні з нагоды дваровых чатаў, якія былі асабліва папулярныя ў паслявыбарчыя часы”, — паведамлялі праваабаронцы.

Падзяліцца: