У брэсцкім СІЗА знаходзілася каля 50 абвінавачаных па справе “Беларускага Гаюна” — Стрыжак

20 ліпеня, Позірк. У траўні 2025 года ў брэсцкім следчым ізалятары знаходзілася каля 50 чалавек, абвінавачаных па справе “Беларускага Гаюна”, паведаміў у сваім тэлеграм-канале 20 ліпеня кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак.
Усяго ў СІЗА на той момант было каля 280 чалавек, з якіх каля 60– 70% складалі “палітычныя”, адзначыў праваабаронца.
“Паводле нашых даных, тэрмін утрымання за кратамі фігурантам “справы Гаюна” працягваецца з-за складанасці справы”, — дадаў Стрыжак.
Паводле яго слоў, у ізалятар “этапам праз ІЧУ, рэгулярна прывозяць людзей з мяжы, якія, нягледзячы на папярэджанні, едуць у Беларусь маючы пратэстны бэкграўнд”.
Сілавікі “пры адсутнасці фармальных прычын для затрымання шырока карыстаюцца практыкай фэйкавай падпіскі людзей на “Зеркало”, або іншыя “экстрэмісцкія фарміраванні”, сцвярджае кіраўнік BySol. Гэта дазваляе супрацоўнікам МУС заводзіць на затрыманых адміністрацыйныя справы паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць), а затым “за 10–15 дзён спакойна накапаць фактуры на крыміналку”, падкрэсліў праваабаронца.
“У размовах” прадстаўнікі міліцыі “не хаваюць упэўненасці ў тым, што заканчэнне тэрміну даўнасці паводле арт. 342 КК (арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) нічога не зменіць, і яны знойдуць варыянты (перакваліфікацыя крымінальных спраў і г. д.), як саджаць людзей, якія трапілі ў поле зроку сілавікоў”, заяўляе Стрыжак.
“Рэжым не стаў больш гуманным ні на кроплю. Тэрор супраць людзей працягваецца”, — адзначыў ён.
11 ліпеня праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што прынамсі шэсць судовых працэсаў ужо адбылося па справе “Беларускага Гаюна”.
Праваабаронцы нагадалі, што ў апошнія месяцы ў Беларусі працягваюцца затрыманні ў рамках крымінальнай справы за перадачу інфармацыі згаданаму маніторынгаваму праекту. Вядомыя імёны 26 фігурантаў справы, змешчаных пад варту, але агульная лічба затрыманых значна большая.
Праект “Беларускі Гаюн” быў заснаваны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам ваеннай актыўнасці ў Беларусі. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.
“Мы не ведаем, які аб’ём даных мог быць выгружаны за той час, пакуль у старонняга акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэта памылка была маёй”, — паведаміў заснавальнік праекта Антон Матолька.
Блогер папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. У некаторых з іх атрымалася эміграваць.
Пра масавыя затрыманні па справе “Беларускага Гаюна” паведамлялася 2 траўня.
У чэрвені Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці”.
8 ліпеня стала вядома, што Віцебскі абласны суд прыгаварыў 25-гадовага Мікіту Лосіка — малодшага брата палітвязня Ігара Лосіка — да 3 гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу паводле арт. 361⁴ КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Адзначалася, што мужчыну асудзілі за перасылку некалькіх фотаздымкаў у чат-бот праекта “Беларускі Гаюн”.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені — траўні ў Брэсцкай вобласці былі лепшыя паказчыкі ў сальда знешняга гандлю тавараміМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+