Мінск 00:26

На мяжы з Літвой знойдзеныя двое ланкійцаў з пераломамі ног — Дзяржпагранкамітэт

Відэа: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта / стоп-кадр: "Позірк"

21 ліпеня, Позірк. На беларуска-літоўскай мяжы 20 ліпеня пагранічнікі знайшлі двух знясіленых мігрантаў са Шры-Ланкі, яны былі збіты і не маглі перамяшчацца, заяўляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Ад аднаго з мужчын, як сцвярджае ведамства, стала вядома, што літоўскія сілавікі на працягу чатырох дзён “збівалі ўцекачоў, пазбаўлялі ежы і вады, а пасля выкінулі іх на тэрыторыю Беларусі праз брамку для жывёл”.

Замежнікаў шпіталізавалі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі Гродна. У абодвух дыягнаставаныя аскепкавыя пераломы пятачных костак. Пра здарэнне паведамілі ў Гродзенскі РАУС.

Дзяржпагранкамітэт заявіў, што гэты выпадак стаў “чарговым пацвярджэннем бесчалавечнай міграцыйнай палітыкі Еўрасаюза”. “Парушэнні міжнароднага права ў дачыненні да безабаронных людзей па-ранейшаму ігнаруюцца ўладамі краін ЕС і заходняй прэсай”, — папракнула суседзяў ведамства, абышоўшы бокам той факт, што мігранты, якія парушаюць мяжу, не сустракаюць перашкоды ў выглядзе беларускіх пагранічнікаў.

Літва за 201 дзень гэтага года спыніла 941 спробу незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі — у 2,8 разы больш, чым за той жа леташні перыяд (333). Для параўнання: за ўвесь 2024-ы літоўскія памежнікі зафіксавалі 1.002 такія спробы.

Згодна з дакладам “Бяспечнага шляху няма. Смерці мігрант_ак на мяжы Еўрапейскага саюза і Беларусі” праваабарончай арганізацыі Human Constanta, з вясны 2021-га па канец сакавіка 2024-га не менш за 116 нелегальных мігрантаў, у тым ліку 15 жанчын, памерла на мяжы Беларусі з краінамі ЕС. Непасрэдна на тэрыторыі Беларусі на канец сакавіка 2024 года памерла не менш як 47 чалавек.

Беларускія ўлады рэгулярна паведамляюць пра пакуты, фізічныя траўмы і гібель замежнікаў на мяжы з краінамі ЕС, нязменна ўскладаючы адказнасць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі. Пры гэтым беларускі бок не паведамляе, як мігранты трапляюць на мяжу з краінамі ЕС у зоне адказнасці пагранічнага ведамства.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, бо іх туды нібыта паклікалі.

Падзяліцца: