Забруджванне вод Дняпра мае натуральны характар, лічаць у Мінпрыроды

21 ліпеня, Позірк. Забруджванне вод Дняпра мае натуральны характар, вынікае з заявы намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктара Галанава.
Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзіць прэс-служба ведамства, перавышэнне норм у гідрахімічных паказчыках было выяўленае толькі ў 7,96% проб, узятых з паверхневых водных аб’ектаў па ўсёй Беларусі ў 2022–2024 гадах. У прыватнасці, з басейна Дняпра (усёй сеткі рэк, ручаёў, азёр, якія сілкуюць яго вадой) — 7,66%.
Галанаў падкрэсліў, што ў кожным выпадку пагаршэння экалагічнага стану вады праз перавышэнне гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў Белгідрамет накіроўвае інфармацыю ў адпаведны тэрытарыяльны прыродаахоўны камітэт “не пазней за два працоўныя дні пасля яе апрацоўкі”. На аснове гэтых даных тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды праводзяць “дадатковае абследаванне паверхневых водных аб’ектаў”.
Паводле сцвярджэння намесніка міністра, у тых выпадках, калі дапушчальная канцэнтрацыя забруджвальных рэчываў была перавышаная, “нелегальных (несанкцыянаваных) крыніц забруджвання не выяўлена”.
Паводле версіі Мінпрыроды, гаворка ідзе не пра тэхнагеннае забруджванне, а пра натуральныя ваганні складу вады. “Змяненні якаснага складу вады ў месцах размяшчэння асобных пунктаў (пастоў) назіранняў абумоўленыя сезоннасцю, умовамі надвор’я і прыроднымі фактарамі”, — патлумачыў Галанаў.
Каб ацаніць магчымы негатыўны ўплыў скіду сцёкавых вод у паверхневыя вадаёмы, тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды перыядычна накіроўваюць заяўкі на адбор проб і правядзенне вымярэнняў, падкрэсліў чыноўнік.
15 ліпеня Генеральная пракуратура заявіла, што ў Беларусі зафіксавана 12,3 тыс. фактаў забруджвання паверхневых вод, у тым ліку 4 тыс. — басейна ракі Днепр.
Наглядны орган папракнуў Мінпрыроды ў тым, што “не была створаная сістэма рэагавання на такія факты, з-за чаго не ставілася пытанне пра кампенсацыю нанесенай экалогіі шкоды”. “Факты фіксацыі адмоўнай змены стану водных аб’ектаў заставаліся працяглы час без перагляду іх статусу, а сетка пунктаў назіранняў Мінпрыроды не ўдасканальвалася”, — сцвярджала пракуратура. Ад міністэрства запатрабавалі выправіць увесь спектр выяўленых парушэнняў.
Праз некалькі дзён, 18 ліпеня, кіраўнік Мінпрыроды Сяргей Масляк заявіў, што сітуацыя з парушэннямі экалагічных нормаў на рацэ Днепр выклікае “сур’ёзную заклапочанасць”.
“Мы дэталёва вывучаем кожнае выяўленае парушэнне, — цытавала чыноўніка прэс-служба ведамства, якое ён узначальвае. — Для фармавання поўнай карціны запытваецца і аналізуецца ўся неабходная дадатковая інфармацыя. Нам важна высветліць не толькі канкрэтныя выпадкі, але і сістэмныя прычыны, якія прывялі да гэтых збояў у захаванні прыродаахоўнага і воднага заканадаўства”.
Масляк паведаміў, што па выніках аналізу Мінпрыроды плануе адкарэктаваць сістэму рэгулявання і маніторынгу трансгранічных вадацёкаў, каб выключыць паўтарэнне такіх парушэнняў, а таксама актывізаваць працу басейнавых саветаў.
Да службовых асоб, “з чыёй віны або недагляду былі дапушчаныя парушэнні і не выкананыя неабходныя прыродаахоўныя мерапрыемствы”, заявіў міністр, будуць выкарыстаныя “вычарпальныя меры ўздзеяння ў адпаведнасці з заканадаўствам”.
У Беларусі рэалізоўваліся некалькі еўрапейскіх праектаў, скіраваных на ўстойлівае кіраванне воднымі рэсурсамі басейнаў рэк, у прыватнасці Дняпра і Прыпяці. Напрыклад, праграма EUWI+ (European Water Initiative Plus), якая функцыянавала ў Беларусі да 2020 года, мела агульны бюджэт для шасці краін, у тым ліку Беларусі, звыш 24,5 млн еўра.
Праект E-40 “Днепр — Вісла” быў скіраваны на аднаўленне воднага шляху ад Балтыкі да Чорнага мора з агульным бюджэтам каля 900 тыс. еўра.
Праект “Чыстыя рэкі” (ENI CBC Польшча — Беларусь — Украіна) быў рэалізаваны на рацэ Мухавец (басейн Прыпяці), агульны бюджэт 2,6 млн еўра.
Аднак супраца з Мінскам у выглядзе міжнароднай тэхнічнай дапамогі была прыпыненая амаль ва ўсіх кірунках у сувязі з рэпрэсіямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ўдзелам краіны ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19–21 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаКалі кантроль за цэнамі не будзе пастрожаны, інфляцыя ўвосені можа скласці 8–9% — ХарытончыкМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаЗ восені магчымыя істотныя ваганні на валютным рынку, долар можа падаражэць да 3,2 рубля — BEROCМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаЗа няпоўныя сем месяцаў Латвія прадухіліла на 37% больш выпадкаў парушэння мяжы з боку Беларусі, чым за ўвесь 2024 год (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка