Прэзідэнт Літвы заклікаў цвяроза ацэньваць заявы Ціханоўскага, які “шмат гадоў правёў у цёмнай турме”
23 ліпеня, Позірк. Зразумець і пастарацца ацаніць цвяроза сітуацыю Сяргея Ціханоўскага заклікаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, каментуючы выказванні былога палітвязня.
Як піша Delfi, кіраўнік дзяржавы заклікаў “улічваць той факт, што чалавек у жудасных умовах апошнія некалькі гадоў знаходзіўся [у зняволенні]”: “Магчыма, у яго крыху іншае ўяўленне пра працэсы, якія насамрэч адбываюцца, бо ён шмат гадоў правёў у цёмнай турме”.
Каментуючы ідэю Ціханоўскага будаваць аўтаномныя беларускія “астравы” за мяжой, Наўседа сказаў: “Я ніколі не пагаджуся на стварэнне нейкіх “астравоў“ у Літве. У нас былі спробы ствараць аўтаноміі ў перыяды незалежнасці — яны скончыліся нічым”.
Пры гэтым ён дадаў: “Мы заўсёды гатовыя прымаць іншыя народы, якія ратуюцца ад палітычнага пераследу, але перадусім мы ўлічваем інтарэсы ўласнай нацыянальнай бяспекі. Гэта, на мой погляд, сфера нацыянальнай бяспекі, і мы не дапусцім тут імправізацый”.
Пазней прэс-служба дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай распаўсюдзіла відэакаментар яе мужа, у якім той выказаў шкадаванне, што яго словы пра стварэнне “астравоў” для беларусаў “няправільна зразумелі”.
“Ніхто і ніколі не будзе ствараць ніякіх аўтаномных акругаў і астраўкоў у Літве. Беларусы бясконца ўдзячныя Літве за гасціннасць, мы паважаем суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Літвы”, — падкрэсліў Ціханоўскі.
Ён патлумачыў, што, кажучы пра “астравы”, меў на ўвазе тое, што беларусы ў выгнанні не павінны губляць сувязі адзін з адным і павінны дапамагаць адно аднаму.
Ціханоўскі адзначыў, што раней “сказаў прэзідэнту Наўседу і міністру замежных спраў [Кястуцісу] Будрысу”, што ён будзе “ўсё жыццё ў даўгу перад Літвой за тое, што выратавалі [яго] дзяцей” (экс-палітвязень меў кароткую размову з прэзідэнтам краіны ў Вільнюсе 6 ліпеня. — “Позірк”.).
Ён таксама падзякаваў “літоўскаму народу, літоўскаму ўраду, парламенту, за тое што прымаеце беларусаў, падтрымліваеце нашу барацьбу за свабоду”.
“Ніхто не мае права замахвацца на ваш суверэнітэт. І я разумею, чаму гэта так важна. Літоўская гісторыя — гэта гісторыя перамог, гісторыя барацьбы за свабоду. У нас, беларусаў і ў літоўцаў адзін агульны вораг — рэжым Лукашэнкі і імперыялістычны рэжым Пуціна. Давайце падтрымліваць адзін аднаго ў гэтай барацьбе”, — заклікаў Ціханоўскі.
У інтэрв’ю ютуб-каналу “Жыццё-маліна”, апублікаваным 6 ліпеня, Ціханоўскі сказаў: “Я хачу жыць у Беларусі. У турме я шмат пра гэта думаў. Калі беларусы не захочуць змагацца, не захочуць верыць у мяне — хай вераць у кагосьці іншага, але галоўнае, каб яны змагаліся. І галоўнае, каб гэта прывяло да выніку”.
Ён дадаў: “Я пачну тут будаваць астравы, такія, як у немцаў у Расіі была нямецкая аўтаномная акруга, або яўрэйская. Краіна ж — гэта людзі”.
Раней Ціханоўскі, які правёў апошнія пяць гадоў у зняволенні практычна ў поўнай ізаляцыі ад вонкавага свету, зрабіў некалькі неадназначных заяваў.
На мітынгу ў Варшаве 26 чэрвеня ён параўнаў прысутных з удзельнікамі падзей 2020 года: “Тыя беларусы верылі ў змены, а гэтыя беларусы, як я гляджу, нейкія прыгнечаныя, запалоханыя. Давайце ўжо, хлопцы, усё ж такі, калі мы хочам нешта зрабіць, пазбавімся гэтага пачуцця”.
1 ліпеня былы палітвязень паабяцаў “нанесці бліжэйшы магутны ўдар па лукашызме і яго прапагандзе прыкладна праз тры тыдні”. Для чаго хацеў сабраць 200 тыс. еўра. Жадаючым было прапанавана ўступаць у каманду Ціханоўскага праз запаўненне гугл-формы і рабіць данаты.
Пазней Ціханоўскі заявіў, што “беларусы ніколі не вернуцца дадому, калі не павераць у сябе”: “Зменаў не будзе без вашага даверу і падтрымкі. Я звярнуўся да вас па дапамогу, і вы заданацілі мне тысячу еўра. І чакаеце магутнага ўдару па лукашызме праз тры тыдні. Сорамна і балюча”.
Экс-палітвязень пазней прызнаў, што звяртаўся не да ўсіх беларусаў, а перадусім да падпісантаў YouTube-каналу “Краіна для жыцця”, і не ведаў усёй глыбіні сённяшніх праблем праціўнікаў рэжыму.
Пра вызваленне 14 палітвязняў, у тым ліку Ціханоўскага, стала вядома неўзабаве пасля сустрэчы спецпрадстаўніка ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам 21 чэрвеня. Усіх іх вывезлі ў Літву.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ГрамадстваПадлеткавая злачыннасць знізілася па выніках першага паўгоддзя, заяўляюць у Генпракуратуры і МУСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаУ другім квартале доля занятых у эканоміцы жанчын у працаздольным узросце павялічылася, мужчын — знізілася (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка