Мінск 20:02

Беларуска, якая працуе ў Германіі, спрабавала ўвезці на радзіму незадэклараваныя 50 тысяч еўра

Ілюстрацыйнае фота: John Vid / unsplash.com

23 ліпеня, Позірк. 44-гадовая беларуска, якая жыве і працуе ў Германіі, спрабавала ўпотай завезці ў Беларусь 50 тысяч еўра, вынікае з інфармацыі прэс-службы Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, жанчына на аўтобусе вярталася на радзіму з боку Літвы праз пункт пропуску Каменны Лог. Пры праходжанні кантролю на мяжы яна выбрала “зялёны калідор”, які мяркуе, што чалавеку няма чаго дэклараваць.

Адзначаецца, што мытнік рэкамендаваў у выпадку перамяшчэння сумы больш за 10 тыс. долараў запоўніць пасажырскую дэкларацыю. На пытанне супрацоўніка мытні пра наяўнасць грашовых сродкаў, якія неабходна задэклараваць, жанчына адказала адмоўна.

“Пазней няўпэўнена прызналася пра наяўнасць у яе нібыта 10 тысяч еўра. Пры гэтым у выніку мытнага надгляду сярод асабістых рэчаў грамадзянкі знойдзены канверт, у якім знаходзілася 50 тысяч еўра”, — гаворыцца ў паведамленні.

Гродзенская рэгіянальная мытня ўзбудзіла ў дачыненні да беларускі справу паводле ч. 2 арт. 228 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС у буйным памеры наяўных грашовых сродкаў або грашовых інструментаў). Санкцыя паводле адпаведнай частцы гэтага артыкула — штраф, абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення.

“Грашовыя сродкі, якія незаконна перамяшчаліся, канфіскаваныя да рашэння суда”, — заявіў ДМК.

9 чэрвеня паведамлялася, што ў дачыненні да грамадзянкі Беларусі, якая спрабавала ўвезці ў краіну 22 тыс. долараў без дэкларацыі, складзены адміністрацыйны пратакол паводле ч. 2 арт. 15.5 КаАП (недэклараванне фізічнымі асобамі наяўных грашовых сродкаў і (або інструментаў, якія перамяшчаюцца праз мытную мяжу ЕАЭС і падпадаюць пад мытнае дэклараванне). Санкцыя — штраф у памеры да 30 базавых велічынь (1.260 рублёў) з канфіскацыяй незадэклараваных сродкаў або без яе.

22 траўня паведамлялася, што 33-гадовы грамадзянін Беларусі, пасажыр рэйсавага аўтобуса Познань — Гомель, спрабаваў увезці без дэкларавання каля 42 тыс. долараў у эквіваленце. У дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 228 КК.

Падзяліцца: