Мінск 14:17

Ціханоўская: Незалежнасць не падае з неба, яе трэба абараняць

Фота: “Позірк”

27 ліпеня, Позірк. Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі — гэта дакумент, які “адлюстраваў намер беларускага народа і яго волю жыць паводле ўласных правілаў”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з нагоды 35-гадовай гадавіны прыняцця згаданай дэкларацыі.

“Сёння, калі краінай кіруе прарасійскі рэжым, а незалежнасць губляецца з кожным подпісам пад чарговай дамовай з Крамлём, гэта гістарычная падзея выглядае не проста датай, а напамінам. Напамінам, што незалежнасць не падае з неба проста так і не даецца назаўжды. Яе трэба абараняць”, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба.

Паводле яе слоў, Беларусь, “падпарадкаваная знешняй волі — не тое, за што галасаваў Вярхоўны Савет у 1990-м, і не тое, што трэба краіне сёння”.

“Законы ў краіне павінны стварацца ў інтарэсах грамадзян, а не ў інтарэсах аднаго чалавека або чужой дзяржавы. А будучыню павінна вызначаць воля народа, а не пагадненні за зачыненымі дзвярыма або кулуарныя дагаворы”, — падкрэсліла палітык.

“Менавіта за такую, свабодную, Беларусь трэба змагацца далей. Суверэнітэт і яго захаванне — гэта не пара прапаноў у архіўных дакументах, а наша задача. І выкананне гэтай задачы залежыць ад кожнага і кожнай”, — адзначыла Ціханоўская.

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі была прынятая 27 ліпеня 1990 года дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання. “За” выказалася 229 з 232 дэпутатаў, якія зарэгістраваліся на пасяджэнні, трое не галасавалі.

Па прапанове дэпутата Анатоля Вярцінскага парламент пастанавіў лічыць 27 ліпеня Днём Незалежнасці і штогод адзначаць яго як дзяржаўнае свята (“за” — 210 галасоў).

25 жніўня 1991 года, пасля правалу путчу кансерватыўнай часткі кіраўніцтва СССР, Вярхоўны Савет надаў дэкларацыі статус канстытуцыйнага закона.

27 ліпеня было ў Беларусі Днём Незалежнасці да 1996 года.

У лістападзе 1996 года на падставе афіцыйных вынікаў канстытуцыйнага рэферэндуму святкаванне Дня Незалежнасці было перанесена на 3 ліпеня — дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх войскаў. Пры гэтым канчаткова тэрыторыя цяперашняй Беларусі была вызваленая ў канцы ліпеня, а сама яна да 1991 года ўваходзіла ў склад СССР.

Беларускія ўлады пакуль ніяк не адрэагавалі на 35-годдзе прыняцця дэкларацыі. Аляксандр Лукашэнка, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі з раніцы павіншавалі насельніцтва з Днём работнікаў гандлю.

Падзяліцца: