Мінск 00:10

Ціханоўская анансавала 9 жніўня ў Варшаве Марш свабоды — акцыя прымеркаваная да пяцігоддзя выбараў 2020 года

Крыніца: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай

28 ліпеня, Позірк. Правядзенне ў Варшаве 9 жніўня Марша свабоды анансавала ў сваім тэлеграм-канале дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Акцыя пачнецца а 15:00 на плошчы Пілсудскага і будзе прымеркаваная да пяцігадовай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У маршы возьмуць удзел Святлана і Сяргей Ціханоўскія.

“Гэта магчымасць яшчэ раз нагадаць свету, што беларусы штодня працягваюць змагацца за вольную і дэмакратычную краіну”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што Марш свабоды “стане кульмінацыяй першага дня канферэнцыі “Новая Беларусь”.

“Нават калі мы спрачаемся аб метадах, стратэгіях і інструментах змены рэчаіснасці, мы дакладна ведаем — у нас агульная мэта. А салідарнасць, надзея і падтрымка адно аднаго — гэта рэчы, якія дапамагалі беларусам усе пяць гадоў не страціць сябе і пераадольваць любыя жыццёвыя крызісы”, — заяўляецца ў тэлеграм-канале Ціханоўскай.

IV канферэнцыя “Новая Беларусь” пройдзе 9–10 жніўня ў Варшаве.

На першы дзень форуму запланаваныя тры панэлі: “Грамадзянскі пульс: дзе мы апынуліся за 5 гадоў”, “Пяць гадоў барацьбы: вынікі без ілюзій”, “Рэгіянальная бяспека: Беларусь 2027”.

Другі дзень пабудаваны ў фармаце работы ў тэматычных групах з ліку ўдзельнікаў канферэнцыі, прэзентацыі адпаведных вынікаў.

10 жніўня таксама пройдзе сесія пытанняў і адказаў Ціханоўскай і прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).

9 жніўня 2020 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары, афіцыйна перамогу на якіх зноў атрымаў Аляксандр Лукашэнка. Гэта выклікала масавыя пратэсты па ўсёй краіне, бо мільёны беларусаў палічылі вынікі сфальсіфікаванымі.

Пасля выбараў пачаліся беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, якія працягваюцца дагэтуль.

Сілавікі жорстка разганялі мірныя акцыі. Як адзначаў праваабарончы цэнтр “Вясна”, упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумовыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў было атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

Былі затрыманыя дзясяткі тысяч чалавек, многія падвяргаліся катаванням і прыніжэнням у ізалятарах.

Незалежныя СМІ, праваабаронцы і актывісты сутыкнуліся з ціскам, ператрусамі і крымінальным пераследам.

Сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя з’ехаць з краіны, ратуючыся ад рэпрэсій.

Падзеі жніўня 2020 года паклалі пачатак глыбокаму палітычнаму крызісу ў Беларусі.

Падзяліцца: