Мінск 05:10

Сетка станцый Malanka на 6,5-6,6% павышае цэны на зарадку электрамабіляў

31 ліпеня, Позірк. Аб павышэнні 1 жніўня коштаў на зарадку электрамабіляў абвясціла сетка зарадных станцый Malanka.

Матывіроўка — “для забеспячэння высокага ўзроўню абслугоўвання кліентаў і далейшага развіцця сеткі”. Само павышэнне названа “карэкціроўкай тарыфаў”.

Павольная зарадка падаражэе з 0,46 да 0,49 рубля за кілават-гадзіну, хуткая — з 0,61 да 0,65.

Тарыфы на рэзерваванне і выкарыстанне канэктара пасля завяршэння зарадкі не мяняюцца.

Паводле інфармацыі аператара, павышэнне тарыфаў звязана з ростам выдаткаў на абслугоўванне абсталявання, электраэнергію і пашырэнне сеткі. Сцвярджаецца, што зарадка электрамабіля па-ранейшаму больш чым у два разы дзешавейшая за запраўку бензінавага аўтамабіля.

Папярэдні раз Malanka павышала цэны на зарадку 1 красавіка.

У 2024 годзе колькасць легкавых аўтамабіляў у жыхароў Беларусі вырасла на 2,1% (з 3.023.002 да 3.085.116), легкавых электрамабіляў — у 3,2 раза (з 6.413 да 20.745), вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу звестак Белстата.

8 ліпеня Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА) паведаміла, што “тэндэнцыя да росту рынку электратранспарту, якая намецілася, працягвае набіраць абароты: у чэрвені было прададзена 664 “зялёных“ аўтамабіля, што склала больш за 17% ад продажаў усіх легкавых аўто за вылікам камерцыйнай тэхнікі“. “З улікам захавання бягучай падтрымкі развіцця электрамабіляў у Беларусі можна прагназаваць далейшы рост электрапарку ў нашай краіне“, — лічаць у асацыяцыі.

За 2024 год члены БАА рэалізавалі 3.641 электрамабіль і паслядоўны гібрыд (+752%), легкавых: класаў В і С — 18.490 (+150%) і 900 (+488%) адпаведна; D і E — 338 (+10,1%) і 129 (-16,7%); SUV B і SUV E — 8.909 (+81,7%) і 2.634 (+311%); Off-road — 1.705 (+102%).

Падзяліцца: