Мінск 06:51

Расійскі ракетны комплекс “Арэшнік” мае з’явіцца ў Беларусі да канца года, заяўляе Пуцін

1 жніўня, Позірк. Беларускія і расійскія вайсковыя спецыялісты ўжо выбралі месца для дыслакацыі ракетнага комплексу “Арэшнік”, заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 1 жніўня на сумеснай прэс-канферэнцыі з Аляксандрам Лукашэнкам на Валааме (Карэлія, РФ).

Паводле слоў палітыка, “цяпер ідзе праца па падрыхтоўцы гэтых пазіцый”: “Хутчэй за ўсё, да канца года мы гэта пытанне закрыем”.

У кантэксце вайны Расіі супраць украінскага народа, у якой Мінск падтрымлівае Маскву, Лукашэнка заявіў, што Украіна “сёння бегма павінна прасіць”: “Уладзімір Уладзіміравіч, давайце сядзем за стол перагавораў, давайце дамовімся”. У адваротным выпадку, лічыць спікер, “праз месяц, паўтара, два [ва Украіне] ужо нават абарончых збудаванняў не застанецца — расіяне ўсё гэта паволі адгрызуць, вернуць і пойдуць далей”.

Лукашэнка таксама закрануў тэму ўльтыматуму прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які заявіў, што ўвядзе “другасныя пошліны” для краін, якія купляюць расійскія энерганосьбіты, і зробіць “іншыя захады”, калі РФ не скончыць вайну да 8 жніўня. “50, 60, 10 дзён [даваў Трамп]. Так палітыка не робіцца. Калі ён міра хоча, ён павінен падключацца акуратна, грунтоўна. Гэта ваеннае сутыкненне, і ўказаць там не атрымаецца, тым больш ядзернай дзяржаве. Слухайце, ну гэта проста смех выклікае”, — сказаў беларускі госць.

Пагрозы для Беларусі, якія патрабуюць размяшчэння на яе тэрыторыі ракетнага комплексу “Арэшнік”, “пакуль захоўваюць актуальнасць”, раней заяўляў сакратар Савета бяспекі (СБ) РФ Сяргей Шайгу.

Па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, якое адбылося 6 снежня 2024 года, Масква і Мінск зацвердзілі агульную канцэпцыю бяспекі і заключылі міждзяржаўны дагавор аб гарантыях бяспекі. Лукашэнка пасля пасяджэння заявіў, што папрасіў Пуціна размясціць у Беларусі расійскія балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці “Арэшнік”. Пуцін адзначыў, што гэты ракетны комплекс можна будзе размясціць на беларускай тэрыторыі ў другой палове 2025 года.

18 сакавіка беларускі калега Шайгу, дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў у эфіры тэлеканала “Беларусь 1”, што ў краіне падрыхтаваныя пляцоўкі для размяшчэння “Арэшніка”.

Паводле яго слоў, гэты комплекс “хоць і мабільны, але ўсё адно падрыхтаваныя месцы”. “Мы захавалі гэта яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Думаю, што да канца года мы выканаем даручэнні двух прэзідэнтаў, што пастаўленыя перад намі, вайскоўцамі, у прыватнасці”, — сказаў чыноўнік.

Ён таксама заявіў, што Беларусь неўзабаве перадасць РФ машыны, на якія будзе ўсталёўвацца “Арэшнік”.

Вальфовіч назваў гэта ўзбраенне “як бы прадуктам Саюзнай дзяржавы”. “Таму што база — машына асноўная — вырабляецца на прадпрыемствах вайскова-прамысловага комплексу ў Рэспубліцы Беларусь, а сродак паражэння — ракеты — у Расійскай Федэрацыі. Мы завяршаем выраб неабходнай колькасці гэтых машын, якія ў бліжэйшы час будуць перададзеныя Расійскай Федэрацыі, каб усталяваць на іх сродак паражэння”, — адзначыў дзяржсакратар Савета бяспекі.

14 сакавіка, выступаючы ў Савеце Федэрацыі РФ, Лукашэнка сярод іншага заявіў, што Масква перадасць Беларусі некалькі ракетных комплексаў “Арэшнік” да канца года. Пускавыя ўстаноўкі да ракетнага комплексу, адзначыў ён, вырабляюць у Беларусі.

26 студзеня Лукашэнка заявіў журналістам, што “Арэшнік” будзе дастаўлены ў Беларусь “з дня на дзень”. Пры гэтым, кажучы пра тэрміны пастаўкі, ён паведаміў, што “гэта не гарыць”.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён “пажартаваў”, калі раней заяўляў пра неабходнасць размясціць у Беларусі 10 такіх ракетных комплексаў. Пуцін зрабіў яму на гэты конт “заўвагу”, бо Расія не абяцала такую колькасць гэтага ўзбраення, дадаў аратар.

Упершыню пра жаданне размясціць “Арэшнік” на тэрыторыі Беларусі ён заявіў 28 лістапада 2024 года на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан).

Падзяліцца: