Мінск 18:49

У пятую гадавіну пачатку масавых пратэстаў у Беларусі знакавыя аб’екты Варшавы будуць у колерах бел-чырвона-белага сцяга

Палац культуры і навукі ў Варшаве
Архіўнае фота: "Позірк"

7 жніўня, Позірк. Знакавыя аб’екты Варшавы 9 жніўня будуць падсветленыя ў колеры гістарычнага сцяга Беларусі, паведаміў “Позірку” намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паводле слоў палітыка, пра гэта паведаміў прэзідэнт польскай сталіцы Рафал Тшаскоўскі ў адказ на зварот, які Латушка даслаў разам з выканаўцам абавязкаў прадстаўніка АПК па пытаннях нацыянальнага адраджэння Паўлам Баркоўскім.

“Прэзідэнт Варшавы выкажа салідарнасць з беларусамі, якія працягваюць верыць і змагацца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, 9 жніўня — на пяцігоддзе пачатку нашых масавых пратэстаў, — сказаў суразмоўца. — Ён праінфармаваў нас, што Палац культуры і навукі будзе падсветлены ў бел-чырвона-белыя колеры. Таксама ў колеры нашага нацыянальнага сцяга будзе падсветлены Сілезска-Дамброўскі мост”.

“Вельмі высока цаню такі палітычны жэст з боку кіраўніка Варшавы — сталіцы Польшчы, польскіх уладаў увогуле і польскага грамадства. Тое, што робіць Польшча для нас, беларусаў, за апошнія пяць гадоў, безумоўна, ужо ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю беларуска-польскіх адносін”, — падкрэсліў Латушка.

237-мятровы Палац культуры і навукі месціцца ў самым цэнтры Варшавы і з’яўляецца адным з самых пазнавальных будынкаў горада.

Пабудаваны напрыканцы 1940-х гадоў Сілезска-Дамброўскі мост ёсць адным з сімвалаў адраджэння польскай сталіцы — гэта першы адноўлены мост у разбуранай пасля Другой сусветнай вайны Варшаве. Злучае цэнтральныя раёны Срудмесце і Прага-Пулноц.

Падзяліцца: