Мінск 20:59

Дзеці з ваенна-патрыятычнага клуба “Адзінства” наведалі Крэмль

Фота: ostrovets.by

10 жніўня, Позірк. Пра паездку ў Маскву дзяцей з ваенна-патрыятычнага клуба “Адзінства” паведамляе ведамасная газета МУС “На варце”.

Адзначаецца, што “сертыфікат на паездку” клубу ўручыў старшыня Астравецкага райвыканкама (Гродзенская вобласць) Сяргей Мядзвецкас на падвядзенні вынікаў навучальнага года.

“Начная і дзённая экскурсіі па расійскай сталіцы, наведванне Крамля і Краснай плошчы, кінастудыі “Масфільм”, музея-запаведніка “Царыцына” і мемарыяльнага комплексу “Патрыёт”, шпацыр па ВДНГ, знаёмства з Маскварыумам — кожная лакацыя пакінула яркі след у сэрцах рабят”, — гаворыцца ў паведамленні.

Клуб “Адзінства” створаны ў 2021 годзе ў Астраўцы на базе сярэдняй школы №3 пры падтрымцы вайсковай часці 7434. Як паведамляла раённае дзяржвыданне “Астравецкая праўда”, у клубе займаецца 68 дзяцей ва ўзросце 11–14 гадоў.

На лістапад 2024 года ў сістэме Міністэрства ўнутраных спраў функцыянавала 159 ваенна-патрыятычных клубаў, дзе займалася больш за 5,5 тыс. дзяцей.

“Ваенна-патрыятычныя заняткі” з дзецьмі праводзяць дзейныя афіцэры, прапаршчыкі, кантрактнікі, а таксама вайскоўцы тэрміновай службы, заяўляў намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Дзмітрый Мікша. “Асноўны ўпор” пры правядзенні гэтых заняткаў, паводле яго сцвярджэння, зроблены на тактычную, інжынерную і агнявую падрыхтоўку, ваенную тапаграфію, рукапашны бой.

20 лістапада мінулага года начальнік аддзела ўпраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Уладзімір Ігнацік паведамляў, што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі дзейнічае 155 ваенна-патрыятычных класаў.

У чэрвені 2024 года міністр адукацыі Андрэй Іванец заяўляў, што праца для “патрыятычнага, грамадзянскага выхавання” ў Беларусі “сёння пачынаецца ў дзіцячым садку”.

Улады ўзмацнілі ідэалагізацыю адукацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, імаверна, ацаніўшы масавасць маладых нелаяльных грамадзян, якія ўдзельнічалі ў пратэстах.

Камандуючы УВ МУС Карпянкоў: Дзеці мусяць быць гатовыя пастаяць за краіну, за прэзідэнта

18 сакавіка, Позірк. "Дзеці мусяць быць гатовыя пастаяць за краіну, за прэзідэнта, заўсёды даць адэкватны адпор паклёпу і экстрэмізму на розных узроўнях", — заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі (УВ) Мікалай Карпянкоў на сустрэчы з журналістамі дзяржСМІ. Сілавік выказаўся …
Падзяліцца: