Мінск 11:33

Лукашэнка нагадаў прэм’ер-міністру Пакістана аб дамоўленасцях па накіраванні ў Беларусь кваліфікаваных спецыялістаў

14 жніўня, Позірк. Надзею на “паспяховае ажыццяўленне ўсіх дамоўленасцяў аб рэалізацыі праектаў у сферах машынабудавання, лёгкай прамысловасці і іншых галінах, а таксама аб пастаўках самазвалаў БелАЗ у Пакістан і накіраванні пакістанскіх кваліфікаваных спецыялістаў для працы ў Беларусь ” выказаў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні прэм’ер-міністру Пакістана Шахбазу Шарыфу з Днём незалежнасці. Пра гэта паведаміла прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка “падкрэсліў сваю адкрытасць да абмеркавання з прэм’ер-міністрам Пакістана любых пытанняў, а таксама гатоўнасць выпрацоўваць узаемавыгадныя рашэнні“.

Віншуючы прэзідэнта Пакістана Асіфа Алі Зардары, Лукашэнка “падкрэсліў, што Мінск лічыць Ісламабад сваім надзейным сябрам і партнёрам“, і заявіў аб адкрытасці да “шырокамаштабнага міждзяржаўнага супрацоўніцтва як у двухбаковым, так і ў шматбаковым фармаце“.

Лукашэнка наведваў Пакістан у лістападзе 2024 года і праводзіў перамовы з Шахбазам Шарыфам, пра сустрэчу з прэзідэнтам Пакістана не паведамлялася.

Кіраўнік пакістанскага ўрада наведваў Мінск сёлета ў красавіку. 11 красавіка Лукашэнка па выніках сустрэчы з Шарыфам заявіў, што Мінск і Ісламабад дамовіліся выпрацаваць механізм прыезду ў Беларусь працоўных мігрантаў з Пакістана. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць на працу 100-150 тыс. спецыялістаў.

Гэтыя планы выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненне ў беларускіх уладаў.

“Зацікаўленыя” хочуць “узбурыць беларускае грамадства” праблемай мігрантаў, у прыватнасці тэмай прыезду ў Беларусь работнікаў з Пакістана, заявіў Лукашэнка 25 красавіка на нарадзе аб развіцці раёнаў Гомельскай вобласці, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС.

“КДБ [я] даручыў: паглядзіце, праверце, адкуль ногі растуць, — сказаў ён. — Ад збеглых глядзяць, дзе мы нешта там сказалі, каб гэта вывярнуць і ў народ укінуць. [Мы] адну такую кропку ў Беларусі выявілі. Аказваецца, смаркач 16-гадовы. Ну не ён жа гэта прыдумаў і адгледзеў. Яму адтуль (з-за мяжы. — “Позірк”.) скінулі інфармацыю сюды: ты, давай тут, круці. Па-мойму, у Брэсцкай вобласці выявілі такую групу”.

Міністэрства ўнутраных спраў адрапартавала аб выяўленні “актыўных правакатараў, якія наўмысна спрабавалі нагнятаць абстаноўку ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай“, распаўсюджваючы інфармацыю аб уездзе ў Беларусь 150 тыс. грамадзян Пакістана. МУС не паведаміла, што гаворка ідзе пра непаўналетняга грамадзяніна, як сцвярджаў Лукашэнка.

Звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал апублікаваў відэазапіс з затрыманымі за каментары і ролікі ў “ЦікТоку“ 18-гадовым хлопцам і 20-гадовай дзяўчынай. Маладыя людзі выбачаліся на камеру за “распаўсюд фэйкаў“ і “гнеўныя каментары на адрас жыхароў цудоўнай краіны Пакістана”.

Беларусь і Пакістан устанавілі дыпламатычныя стасункі 3 лютага 1994 года. Паводле інфармацыі на сайце беларускай амбасады ў Ісламабадзе, “на працягу апошніх гадоў аб’ём гандлю паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Пакістан вагаецца ў межах ад 50 да 65 млн долараў у год”. Пры гэтым апошняя статыстыка прадастаўлена за студзень—жнівень 2021 года.

Падзяліцца: