Акцёр Ждановіч, якому Грузія адмовіла ва ўездзе, раніцай вылеціць назад у Варшаву

14 жніўня, Позірк. Аляксандр Ждановіч (Маляваныч), якому 14 жніўня ўлады Грузіі адмовілі ва ўездзе, правядзе ноч у спецыяльным пакоі ў аэрапорце Кутаісі і ў 6.25 вылеціць назад у Варшаву.
Ждановіч паведаміў “Позірку“, што прыехаў з польскай сталіцы на сустрэчы з прыхільнікамі яго творчасці ў Батумі (15 жніўня) і Тбілісі (19 жніўня) з праграмай “Ён паляцеў ды абяцаў вярнуцца”. Агулам ён збіраўся прабыць у Грузіі тыдзень.
У кутаіскім аэрапорце акцёру было адмоўлена ва ўездзе “з іншых прычын“. Звычайна за гэтай фармулёўкай хаваецца нежаданне кіроўнай партыі прарасійскага алігарха “Грузінская мара” Бідзіны Іванішвілі пускаць у краіну апанентаў рэжымаў у Расіі і Беларусі, а таксама крытыкаў самой партыі.
“Чаму мяне не пусцілі, дакладна не ведаю. Магчыма, у беларускіх і грузінскіх уладаў ёсць агульная база “небяспечных” людзей”, — выказаў меркаванне Ждановіч.
Аляксандру Ждановічу 61 год. Акцёр тэатра, кіно і тэлебачання, вёў папулярную дзіцячую вячэрнюю перадачу “Калыханка“. У 2020-м выступіў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на карысць Аляксандра Лукашэнкі і гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў масавых акцый пратэсту. Увосень таго года быў арыштаваны на 9 сутак. У 2021-м звольнены з Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. У лютым 2022 года, калі ім зноў пачалі цікавіцца сілавыя структуры, быў эвакуяваны фондам BySol з Беларусі ў Грузію. Там ён пражыў больш за два гады, меў сваю студыю, летам 2024 года пераехаў у Польшчу.
Паводле слоў акцёра, у перыяд знаходжання ў Грузіі ён неаднаразова без праблем выязджаў і вяртаўся. Пасля ад’езду ў Польшчу гэта быў яго першы візіт у Грузію.
Ждановіч не першы вядомы дзяяч беларускай палітычнай эміграцыі, якому ўлады Грузіі адмовілі ва ўездзе. Да гэтага часу не задаволена ні адно хадайніцтва грамадзян Беларусі аб наданні прытулку ў гэтай краіне.

- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваДаследчыца Вольга Сямашка рыхтуе кнігу пра могілкі беларусаў ПадляшшаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 5 лістапада — 16 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка


