Мінск 10:59

МЗС Украіны параіў Мінску “не набліжацца да межаў” падчас вераснёўскіх ваенных манеўраў

Будынак МЗС Украіны
Фота: mfa.gov.ua

23 жніўня, Позірк. “Захоўваць розум, не набліжацца да межаў і не правакаваць сілы абароны Украіны“ заклікаў украінскі МЗС улады ў Мінску напярэдадні вераснёўскіх вайсковых манеўраў на тэрыторыі Беларусі ў рамках АДКБ і Саюзнай дзяржавы.

Кіеў нагадвае, што гаворка ідзе пра вучэнні “Узаемадзеянне-2025“, “Пошук-2025“, “Эшалон-2025“ (АДКБ) і “Захад-2025“ (СД).

“З 2022 года Рэспубліка Беларусь — саўдзельніца злачынства агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны. Мінск надаў расійскім акупантам тэрыторыю Беларусі і яе паветраную прастору для нападу на нашу дзяржаву, а таксама працягвае палітычную, ваенную, ваенна-тэхнічную, інфармацыйную і іншыя віды падтрымкі Расіі ў яе несправакаванай і злачыннай захопніцкай вайны супраць Украіны“, — канстатуецца ў заяве.

МЗС падкрэслівае, што рэжымы ў Маскве і Мінску “ўяўляюць непасрэдную пагрозу не толькі для Украіны, але і для Польшчы, дзяржаў Балтыі і ўсёй Еўропы, а таксама перашкаджаюць мірным намаганням прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў спыненні вайны“.

“Памятаем пра горкі досвед і кошт хлуслівых заяў расійскага і беларускага дыктатараў. Назапашванне расійскіх войскаў на межах Украіны ў 2021-2022 гадах адбывалася пад прыкрыццём сумесных вайсковых вучэнняў Расіі і Беларусі “Захад-2021“, — адзначае замежнапалітычнае ведамства.

Яно засцерагае Мінск ад “неабдуманых правакацый“ і заклікае партнёраў “захоўваць пільнасць, узмацніць санкцыйны і палітычны ціск на Расію і Беларусь, сумесна процідзейнічаць расійскай прапагандзе і ўмацоўваць абараназдольнасць Украіны, якая абараняе Еўропы ад расейскай пагрозы”.

МЗС заяўляе таксама, што Украіна “ніколі не была і не будзе пагрозай беларускаму народу“, з якім яна хоча “жыць у міры“, мае “агульнае мінулае“, якое “ўзыходзіць да княжацкіх часоў і Вялікага княства Літоўскага“, і будучыню — “у еўрапейскай сям’і народаў“.

12 жніўня намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі назваў даволі нізкім узровень пагрозы, звязаны з манеўрамі “Захад-2025“.

Падзяліцца: