Мінск 22:54

Брэсцкі журналіст Алег Супрунюк асуджаны на тры гады пазбаўлення волі

Фота: БАЖ

25 жніўня, Позірк. Да трох гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 58-гадовы журналіст Алег Супрунюк, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Мужчына прызнаны вінаватым паводле арт. 3611 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім).

“Да суда больш за паўгода журналіста ўтрымлівалі пад вартай у СІЗА”, — гаворыцца ў паведамленні.

Звяртаецца ўвага, што 4 чэрвеня 2025 года пракуратура Брэсцкай вобласці распаўсюдзіла інфармацыю аб накіраванні ў суд крымінальнай справы ў дачыненні да жыхара Брэста паводле ч. 3 артыкула 3611 КК. “Ведамства не назвала імя і прозвішча абвінавачанага, толькі сцвярджала, што не пазней за кастрычнік 2023 года мужчына ўвайшоў у склад Беларускай асацыяцыі журналістаў, прызнанай “экстрэмісцкім фарміраваннем” рашэннем КДБ ад 28 лютага 2023 года. Паводле слоў пракуратуры, у якасці ўдзельніка “экстрэмісцкага фарміравання” ён напісаў не менш за 43 артыкулы, апублікаваныя ў інтэрнэце”, — адзначае БАЖ.

Супрунюк перастаў адказваць на званкі і з’яўляцца ў сацыяльных сетках пасля 22 студзеня гэтага года.

“Спачатку калегі прытрымліваліся версіі, што ён можа быць затрыманы і асуджаны па адміністрацыйнай справе. Але прайшло ўжо больш за 20 дзён, а ў раскладах працы брэсцкіх судоў імя Алега Супрунюка так і не з’явілася. Таму ёсць верагоднасць, што ён насамрэч затрыманы, але ў межах крымінальнай справы”, — паведамляў БАЖ.

Журналіст быў затрыманы ў ліпені 2021 года, дома ў яго прайшоў ператрус. Супрунюка тады судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць), прызначыўшы яму штраф.

У жніўні 2021 года журналіст спрабаваў абскардзіць рашэнне суда Ленінскага раёна Брэста наконт штрафу, адстойваючы сваю невінаватасць, але Брэсцкі абласны суд пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі ў сіле, а апеляцыйную скаргу брэсцкага журналіста — без задавальнення.

Супрунюк мае інваліднасць.

Паводле звестак БАЖ, цяпер у няволі знаходзіцца 36 супрацоўнікаў медыя.

Падзяліцца: